Беларусь можа пакрыць патрэбу Ізраіля ў кашэрным мясе
Магілёўская вобласць лічыцца адным з найбольш стабільных пастаўшчыкоў мяса, рэгіён таксама мае патэнцыял для прыцягнення ізраільскіх турыстаў, заявіў БелаПАН у Магілёве надзвычайны і паўнамоцны пасол Ізраіля ў Беларусі Алон Шогам.
15 мая дыпламат сустрэўся з мясцовымі ўладамі, узяў удзел у мерапрыемстве, прысвечаным 70-годдзю незалежнасці яўрэйскай дзяржавы і арганізаваным у абласной бібліятэцы.
Як паведаміў БелаПАН Шогам, на сустрэчы з кіраўніцтвам рэгіёна абмяркоўвалася развіццё ўязнога турызму ў Магілёўскай вобласці за кошт ізраільцян, якія самі або іх продкі з’яўляюцца выхадцамі з гэтых мясцін. „Я наведаў старыя габрэйскія могілкі ў Магілёве. Там была дыскусія пра захаванне габрэйскай спадчыны. З дапамогай мясцовых уладаў удалося дамовіцца пра правядзенне мерапрыемства, якое пакажа важнасць гэтых могілак, нягледзячы на тое, што магілы там старыя і іх не наведваюць”, — сказаў кіраўнік ізраільскай дыпмісіі. Ён адзначыў, што гаворка ідзе пра захаванне не столькі магіл як такіх, а культуры народа, які жыў тут.
„Другая тэма майго візіту тычылася эканомікі. У Ізраілі ёсць патрэба ў куплі кашэрнага мяса, і Магілёў лічыцца адным з найбольш стабільных пастаўшчыкоў. На наступным тыдні адбудзецца пасяджэнне міжурадавай камісіі, на якім бакі будуць гаварыць на тэму імпарту мяса ў Ізраіль. Ізраіль — невялікая краіна, але кашэрнае мяса займае вельмі значную частку нашага стала”, — падкрэсліў пасол. Ён не выключыў, што праз пару гадоў Беларусь пакрые патрэбу яўрэйскай дзяржавы ў кашэрным мясе.
Шогам адзначыў, што гандлёвы абарот паміж краінамі ў 2017 годзе склаў прыкладна 50 млн долараў і пастаянна расце, у тым ліку дзякуючы рэпатрыянтам з Беларусі. „Людзі, якія прыехалі з гэтых месцаў гадоў 25-30 назад, стварылі свой бізнес у Ізраілі. Цяпер яны шукаюць месцы, куды развіць гэты бізнес. І першае месца, пра якое думаецца, — гэта старая радзіма, таму ёсць знаёмства з мясцовымі законамі, ёсць сваякі, і мы стараемся дапамагчы нашым бізнесменам”, — заявіў дыпламат.
Выступаючы на мерапрыемстве, прысвечаным 70-годдзю незалежнасці Ізраіля, Шогам выказаў падзяку яго арганізатарам — Магілёўскай габрэйскай суполцы і Магілёўскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, адзначыўшы, што людзей у Беларусі і Ізраілі звязвае вельмі многае, а Магілёў у 30-х гадах ХХ стагоддзя па колькасці яўрэйскага насельніцтва быў больш яўрэйскім, чым Хайфа.
Старшыня гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзячкоў расказаў пра выдатных палітычных і грамадскіх дзеячаў Ізраіля, якія нарадзіліся ў Беларусі і, у прыватнасці, на тэрыторыі Магілёўскай вобласці.