Беларусь можа сэканоміць на імпарце карысных выкапняў 90-100 млн даляраў



Беларусь можа сэканоміць на імпарце карысных выкапняў прыблізна 90-100 млн даляраў, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску 29 ліпеня намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Хмель.

„Мы летась рабілі аналітыку па імпарце карысных выкапняў. Пастаўленая задача па імпартазамяшчэнні. Мы гэтую працу будзем рабіць разам з зацікаўленымі, Мінбудархітэктуры. Асноўная задача — аб’ектыўна ацаніць нашы магчымасці”, — падкрэсліў чыноўнік.

Паводле яго слоў, „на здзіўленне, у Беларусі ёсць і імпарт граніту, хоць мы валодаем значнымі ўласнымі рэсурсамі. Кажуць, што гэта рээкспарт, але ў статыстыцы ён ёсць”. „Акрамя гэтага, у нас невычэрпныя запасы каменнай солі, але мы яе таксама пастаўляем з Украіны. Акрамя таго, пастаўляюцца кварцавыя пяскі, базальты, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці каменнай ваты”, — сказаў Хмель.

Але, заўважыў ён, пры імпартазамяшчэнні трэба ўлічваць эканамічную мэтазгоднасць, якая павінна „вывучацца даволі глыбока”. „Сёння казаць, што мы можам замяніць сваімі базальтамі імпартную сыравіну, нават калі яна будзе блізкая па якасці, складана. Калі яна будзе ў два-тры разы даражэйшай. Тое ж самае кварцавыя пяскі”, — адзначыў намеснік міністра.

Паводле яго слоў, „неабходны пільны аналіз, каб з зацікаўленымі вызначыць, па якіх напрамках варта працаваць”. „Калі мы зацікаўленыя ў выкарыстанні базальтаў, але ніхто не дасць гарантыю, што мы зможам увесці іх у тэхналогію прадпрыемства „Гомельбудматэрыялы”, — адзначыў Хмель.

belapan.by