Беларусь на дзявятым месцы па росце спажывецкіх цэн



Беларусь з паказчыкам 2,7% заняла дзявятае месца на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн у студзені—верасні 2017 года, сведчыць праведзены БелаПАН аналіз даных нацыянальных органаў статыстыкі (у студзені — сёмае месца з 0,9%, у студзені-лютым — з 1,4%, у першым квартале — дзявятае з 1,7%, у студзені-красавіку — восьмае з 2,4%, у студзені-маі — сёмае з 2,7%, у першым паўгоддзі — сёмае з 3, 4%, у студзені-ліпені — шостае з 3,3, у студзені-жніўні — восьмае з 2,5%).

Наперадзе Украіна (10,2%), Азербайджан (5,9%), Таджыкістан (5,6%), Малдова (4,4%), Казахстан (4,2%), Грузія (3,6%), Літва (3,5%) і Эстонія (3,4%). У Расеі цэны павялічыліся на 1,7%, Латвіі — на 1,3%, Кыргызстане — на 1,2%. У Арменіі цэны знізіліся на 1,7%. У Туркменістане апублікаваны даныя за першае паўгоддзе (рост цэн на 3,61%). Па Узбекістану няма інфармацыі. У самаабвешчаным Прыднястроўі, які мае ўласную фінансавую сістэму, цэны павялічыліся за дзевяць месяцаў 2017 года на 8,62%.

У верасні з паказчыкам 0,3% Беларусь падзяліла шостае месца з Казахстанам і Латвіяй па ўзроўні месячнай інфляцыі на тэрыторыі былога СССР. Наперадзе апынуліся Украіна (2%), Літва (1%), Малдова (0,9%), Азербайджан і Грузія (па 0,7%), ззаду — Арменія (0,2%). У Расеі і Эстоніі цэны знізіліся на 0,1%, у Кыргызстане — на 0,3%, у Таджыкістане — на 0,4%.

У студзені—верасні 2016 года па росце цэн Беларусь заняла другое месца на тэрыторыі былога СССР (8,3%), па выніках года — трэцяе (10,6%). Урад разлічвае, што ў 2017 годзе цэны падвысяцца не больш чым на 9%, а намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты 23 мая заявіў, што цэны па выніках года могуць вырасці не больш чым на 5,5—6%, што стане самым нізкім паказчыкам „за апошнія 20—25 гадоў”.

БелаПАН