Беларусь на мільярд кубоў павялічыла імпарт расейскага газу
Нягледзячы на афіцыйны запуск БелАЭС, які адбыўся ў пачатку лістапада 2020 года, расейскага газу сёлета Беларусь стала купляць нават больш, чым раней, паведамляе «Ежедневник».
Паводле справаздачы „Газпрама”, у першым паўгоддзі гэтага года Беларусь імпартавала 10,075 млрд. кубаметраў „блакітнага паліва”, у асноўным прызначанага для забеспячэння звычайных цеплаэлектрастанцый.
Даводзіцца канстатаваць, што запуск БелАЭС, якая афіцыйна функцыянуе з пачатку лістапада 2020 года, не паўплываў на скарачэнне аб’ёмаў закупак прыроднага газу. Наадварот, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, аб’ёмы імпарту павялічыліся на больш чым 1 млрд кубоў.
З гэтым аб’ёмам імпарту Беларусь з’яўляецца найбуйнейшым пакупніком „газпрамаўскага” газу на постсавецкай прасторы і ўваходзіць у чацвёрку яго найважнейшых спажыўцоў у свеце. Наперадзе нашай краіны па аб’ёме імпарту ў першым паўгоддзі 2021 года былі толькі Германія, Турцыя і Італія.
У цэлым у гэтым годзе „Газпрам” прыкметна нарасціў пастаўкі газу сваім спажыўцам.
