Беларусь на мяжы еўразійскай ды еўрапейскай эканамічных сістэм
Беларусь на мяжы еўразійскай ды еўрапейскай эканамічных сістэм. І сваё геапалітычнае становішча краіна добра выкарыстоўвае. Сказаў кіраўнік свабоднай эканамічнай зоны “Гродна-Інвест” Сяргей Ткачэнка на Усходнім эканамічным кангрэсе, што праходзіць у Беластоку. Паводле адмыслоўца, менавіта беларускі бізнес становіцца правадніком еўрапейскага бізнесу на еўразійскую эканамічную прастору:
— Цяпер фармуюцца правілы гульні паміж 2 гэтымі сістэмамі. Перш за ўсё з боку Еўразійскага, найбольш маладога інтэграцыйнага а’яднання. Ад таго, наколькі мы будзем разумець і прымаць правілы гульні менавіта на мяжы, на сутыкненні гэтых двух сістэм. Гэта наш прыярытэт і наш бонус, які мы павінны выкарыстоўваць. Я маю на ўвазе ўзаемны рух тавараў як на Усход так і на Захад.
Для польскага бізнесу еўразійскі рынак таксама вельмі цікавы – дадае старшыня праўлення Польскага агенцтва Інвестыцый і Гандлю – Томаш Пісуля. Больш за тое, менавіта Беларусь – пляцоўка, дзе можна пазнаць “правілы гульні” на гэтым рынку:
— Гэта вельмі цікавы рынак і таксама бачна, што фірмы, якія працуюць у Казахстане, Манголіі, Узбекістане, — усе яны пачыналі ў Беларусі. То бок Беларусь была своеасаблівым першым тэстам тэстам, ці ўдасца рабіць бізнес на Усходзе. З іншага боку таксама, мы хочам, каб Польшча стала такім калідорам у Еўразвяз для фірм з Усходу.
Усходні эканамічны кангрэс у Беластоку сабраў каля паўтары тысячы ўдзельнікаў. Гэта ўжо традыцыйнае мерапрыемства, падчас якога абмяркоўваецца шырокі спектр тэм: ад развіцця рэгіёнаў усходняй Польшчы — да трансгранічнага супрацоўніцтва, турызму ды эканамічнага дыялогу паміж краінамі.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя