Беларусь на сёння выкарыстоўвае 20 расейскіх партоў
Беларусь выкарыстоўвае для перавалкі сваіх экспартных грузаў 20 расейскіх партоў. У студзені—жніўні праз іх былі адпраўленыя 8,5 млн т, такія звесткі прывёў у эфіры АНТ міністр транспарту і камунікацый Аляксей Ляхновіч, піша Reform.by. Найбольш запатрабаваныя — парты Ленінградскай вобласці і Санкт-Пецярбурга, праз якія ідзе парадку 75—80% грузаў.
Паводле Ляхновіча, новыя маршруты выстройваліся літаральна ўручную. “Фактычна ўручную мы кіравалі гэтымі працэсамі, дамаўляліся з Расеяй, і былі падпісаныя два вельмі сур’ёзныя дакументы. Калі летась мы перавалілі праз парты РФ блізу 6,1 млн т, то паводле вынікаў 8 месяцаў гэтага года бачым статыстыку больш за 8,5 млн т”, — сказаў ён.
Ляхновіч адзначыў, што таксама перавозкі актыўна вядуцца чыгуначным транспартам у напрамку Кітая. Паводле яго, перабудова лагістыкі адбілася і на планах Міністэрства па рэканструкцыі дарог. Гаворка ідзе пра аўтадарогу Р46 Лепель — Полацк — мяжа РФ, да рэканструкцыі якой сёлета прыступілі.
Што адбываецца з санаторыем Belorus у Друзгенінкаі?
Санаторый Belorus у літоўскім Друзгенінкаі ў бягучым годзе прыняў “некалькі заездаў” беларускіх грамадзян. Пра гэта паведаміў галоўны ўрач установы Ілля Епіфанаў у эфіры тэлеканала СТБ. “Давялося, на жаль, звольніць людзей. Мы за гэтыя два гады звольнілі з санаторыя больш за 200 чалавек. Гэта, безумоўна, істотна, адчувальна”, – сказаў ён. Але пры гэтым Епіфанаў дадаў, што сёлета ўжо “удалося ажыццявіць некалькі заездаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія … прыехалі на санаторна-курортнае лячэнне”. Па стане на красавік у “Беларусі” працавалі 186 чалавек.
Як нагадвае “Зеркало”, санаторый “Беларусь” у Друзгенінкаі знаходзіцца пад санкцыямі са снежня 2020 года. На той момант ён уваходзіў ва Упраўсправамі Лукашэнка. Летам 2021 яго перадалі Рэспубліканскаму цэнтру па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. На той час рахункі санаторыя былі разблакаваныя, ён змог ізноў прымаць гасцей. Хоць санаторый страціў шмат грошай, але цяпер яго справы паляпшаюцца, прыбытак зноў пачаў расці, набіраюць новыя кадры.
Нафта даражэе на фоне нападу ХАМАС на Ізраіль
Цэны на нафту рэзка выраслі на старце таргоў 9 кастрычніка. Аналітыкі звязваюць падаражанне з баявымі дзеяннямі ў Ізраілі.
Ф’ючарс на снежаньскія пастаўкі нафты Brent дадаў больш за 5%, дасягнуўшы 89 даляраў за барэль. Нафта маркі WTI з пастаўкамі ў лістападзе таксама падаражэла больш як на 5%, перавысіўшы 87 даляраў за барэль. Як адзначае Bloomberg, трэйдары рыхтуюцца да пашырэння колькасці ўдзельнікаў канфлікту, а інвестары занепакоеныя рызыкай эскалацыі. Пры гэтым падаражанне нафты называюць часовым.
Аналітыкі адзначаюць, што ніводны з бакоў канфлікту не з’яўляецца буйным нафтавым гульцом. У Ізраіля ўсяго два НПЗ агульнай магутнасцю амаль 300 тыс. барэляў у дзень і „практычна адсутнічае здабыча сырой нафты і кандэнсату”. Што да палестынскіх тэрыторый, там нафта і зусім не вырабляецца. Але сітуацыю абвастрае тое, што ваенныя дзеянні разгортваюцца ў непасрэднай блізкасці ад ключавога рэгіёна здабычы і экспарту нафты на сусветны рынак. (паводле Office Life)
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц (порт Санкт Пецярбурга).