Беларусь надалей будзе на “газавай іголцы” Расеі
Беларусь атрымала самую нізкую цану на расейскі газ у свеце да 2031 года. Базавая доўгатэрміновая дамова з “Газпромам” па гарантаваных аб’ёмах пастаўкі газу ў краіну дзейнічае восем гадоў, заявіў пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой. “І яшчэ важны момант: ёсць рашэнне Уладзіміра Пуціна, каб Беларусь у рамках доўгатэрміновага кантракту з “Газпромам” да 2031 года мела самую нізкую цану газу ў свеце для трэціх краін”, — цытуе дыпламата РІА Навіны. Паводле яго слоў, гэта рашэнне стала базавай умовай для ўрадаў абедзвюх краін, якой яны будуць прытрымлівацца падчас абмеркавання паставак энерганосьбітаў з Расеі ў Беларусь.
“У частцы цэнаўтварэння кіраўнікі краіны дамовіліся падоўжыць формулу, якая дзейнічала апошнія тры гады, на наступны трохгадовы перыяд — да 2026 года”, — удакладніў пасол. Цяпер Менск плаціць за расейскі газ $127,52 за тысячу кубаметраў.
Беларусь і Расея дамовіліся па “Зялёнай карце”
Аўтастрахоўкі “Зялёная карта” будуць надалей дзейнічаць у Беларусі і Расеі. Пра гэта “Белсату” паведамілі ў Расейскім саюзе аўтастрахаўшчыкоў. Краіны ўхвалілі дамову, якая дазваляе і пасля 30 чэрвеня ў звычайным парадку выдаваць “Зялёныя карты” для паездак па іх тэрыторыі.
Між тым на сайце кампаніі “Белдзяржстрах” дагэтуль маецца інфармацыя, што “29 чэрвеня ў 23:50 страхавыя кампаніі спыняюць заключэнне дагавораў страхавання “Зялёная карта” для транспартных сродкаў, што выязджаюць у Расейскую Федэрацыю, Азербайджан і Турцыю”.
Беларусь адмовілася будаваць свой порт у Расеі
Беларусь не плануе ствараць адзіны порт у Расеі пасля закрыцця праз санкцыі доступу да марскіх партоў у Балтыі. Пра гэта заявіў “РИА Новости” пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой. “Насамрэч я б цяпер не казаў пра нейкі адзін базавы порт для Беларусі. Сёння мы актыўна выкарыстоўваем інфраструктуру 19 расейскіх партоў: ад Санкт-Пецярбурга да Каспія. І мне такая дыверсіфікацыя, калі шчыра, падабаецца. Безумоўна, нам патрэбныя тэрміналы для экспарту таго ж калію або нафтапрадуктаў, як базавых нашых грузаў, але і тут таксама ёсць некалькі варыянтаў: выкарыстоўваць парты ад Санкт-Пецярбурга да Мурманска … “, — сказаў амбасадар.
Між тым раней не аднойчы Лукашэнка і ўрад абмяркоўвалі пытанне стварэння беларускага порта ў Расеі. У чэрвені летась Лукашэнка асабіста наведаў нібыта будаўнічую пляцоўку пад Пецярбургам.
Крызіс у Галівудзе
Легендарныя амерыканскія кінакампаніі скарачаюць персанал і ўразаюць выдаткі. Атрымліваюць выгаду ад гэтага крызісу больш маладыя і актыўныя каналы і сэрвісы.
Вось некалькі прыкладаў. Кампанія Disney звольніла сем тысяч супрацоўнікаў, і прыбірае праграмаванне са сваіх стрымінгавых сэрвісаў, каб зэканоміць грошы. Warner Bros. пасля серыі звальненняў персаналу ў мінулым годзе працягвае ў тым жа духу. Цяпер “пад нож” патрапілі працоўныя месцы на кабельных каналах кампаніі. Warner Bros. таксама адмовілася ад дарагога праграмавання. Paramount Global на фоне страт ад кабельных сетак і стрымінгавага відэа таксама скарачае штат. Кампанія значна ўрэзала дывідэнды за мінулы год.
Усё гэта адбываецца на фоне забастоўкі галівудскіх пісьменнікаў. Такім чынам Галівуд прайграе канкурэнцыю YOUTUBE, TIKTOK І NETFLIX.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота мае ілюстрацыйны характар.