Беларусь накіруе на пагашэнне дзярждоўгу каля 3 млрд даляраў



У 2020 годзе пагашэнне дзяржаўнага доўгу Беларусі складзе 5 млрд 977,3 млн рублёў, у тым ліку знешняга дзярждоўгу – 3 млрд 741,2 млн рублёў, унутранага – 2 млрд 236,1 млн рублёў, гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да праекта бюджэту, які 1 лістапада ўнесены ў Палату прадстаўнікоў. Дакумент размясціла ў інтэрнэце дэпутат Ганна Канапацкая.

Пры гэтым пагашэнне дзяржаўнага доўгу ў замежнай валюце складзе 2 млрд 585,5 млн даляраў ЗША (або 97,1% ад агульнага аб’ёму пагашэння).

У 2020 годзе мяркуецца ажыццявіць незвязаныя запазычанні на 1 млрд 950 млн даляраў ЗША (4 млрд 377,2 млн рублёў). Гэтыя сродкі плануецца атрымаць за кошт размяшчэння дзяржаблігацый на знешніх фінансавых рынках у 1 млрд 350,0 млн даляраў (3 млрд 30,4 млн рублёў), на ўнутраным фінансавым рынку – у 600 млн даляраў (1 млрд 346,8 млн рублёў).

Сродкі ад прыцягнення незвязаных пазык плануецца накіраваць на пагашэнне часткі дзяржаўнага доўгу. Акрамя таго, на яго пагашэнне будуць накіраваныя сродкі ад вяртання выдзеленых на зваротнай аснове арганізацыям крэдытаў замежных крэдытораў (525,3 млн рублёў).

Паступленне сродкаў па знешніх дзяржаўных пазыках на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў у 2020 годзе плануецца ў памеры 2 млрд 572,3 млн даляраў ЗША (5 млрд 774 млн рублёў), з іх на будаўніцтва Беларускай АЭС – 2 млрд 29,4 млн даляраў.

У мэтах абмежавання дзяржаўнага і гарантаванага дзяржавай доўгу ў 2020 годзе будуць устаноўленыя больш жорсткія ў параўнанні з 2019 годам ліміты для дадзеных абавязацельстваў: ліміт знешняга дзяржаўнага доўгу – 20,5 млрд даляраў ЗША (21 млрд даляраў у 2019 годзе), ліміт унутранага дзярждоўгу – 9,5 млрд рублёў (10 млрд рублёў у 2019 годзе).

На абслугоўванне дзяржаўнага доўгу ў 2020 годзе прадугледжваюцца сродкі ў 2 млрд 765,1 млн рублёў, што на 19,5 млн рублёў менш, чым чакаецца ў 2019-м. Пры гэтым абслугоўванне дзярждоўгу ў замежнай валюце складзе 1 млрд 216,1 млн даляраў ЗША (або 98,7% у агульнай суме расходаў на абслугоўванне дзярждоўгу).

Плацяжы па абслугоўванні знешняга дзярждоўгу зменшацца ў параўнанні з чаканым выкананнем 2019 года на 42,4 млн даляраў ЗША і складуць у 2020-м 987,1 млн даляраў ЗША, што запатрабуе расходаў бюджэту ў 2 млрд 215,6 млн рублёў. У 2020 годзе сродкі будуць накіроўвацца на абслугоўванне крэдытаў Сусветнага банка, Паўночнага інвестыцыйнага банка, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка, а таксама ўрада і банкаў Расейскай Федэрацыі, ЗША, банкаў Кітая і дзяржаблігацый, размешчаных на знешніх фінансавых рынках.

Расходы на абслугоўванне ўнутранага дзяржаўнага доўгу ў 2020 годзе павялічацца на 20,3 млн рублёў і складуць 549,5 млн рублёў. 

БелаПАН