Беларусь нарасціла імпарт піва на 16% у 2019 годзе



 У 2019 годзе на беларускі рынак было ўвезена на 16% больш піва ў параўнанні з 2018-м, сведчаць афіцыйныя статдадзеныя.

Усяго ў мінулым годзе Беларусь закупіла 11,8 млн дал імпартнага піва на 60,2 млн даляраў. Асноўны аб’ём (больш за 90%) увезены з Расеі і Украіны. Так, у Расеі ў мінулым годзе закуплена 5,56 млн дал піва, на 8% больш у параўнанні з узроўнем 2019 года. З Украіны паступіла 5,16 млн дал, на 22% больш.

Як паведамлялася, у 2019 годзе ўсяго ў Беларусі было прададзена 39,2 млн дал піва, што на 3,6% больш у параўнанні з 2018 годам. Доля гэтага напою ў агульным аб’ёме продажу алкаголю склала 20,9% (супраць 21% у 2018 годзе).

Продаж гарэлкі ў 2019 годзе павялічыўся на 2,3% да 8,8 млн дал, яе доля ў агульным аб’ёме продажу алкаголю склала 46,7% (у 2018 годзе — 47,5%).

Лікёраў і лікёра-гарэлачных вырабаў было рэалізавана 1,6 млн дал (+17,3% больш у параўнанні з узроўнем пазамінулага года), вінаградных він — 3,9 млн дал (на 5,7% больш), продаж пладовых він знізіўся на 4,3% да 4,7 млн дал.

Прадстаўнікі піўнога бізнесу раней адзначалі, што чакаюць паступовы рост піўнога рынку ў краіне.

„Піўны рынак вельмі залежыць ад надвор’я, ад узроўню акцызаў, ад розных гандлёвых забарон. Калі ўмовы рынку істотна не зменяцца, то будзе добры плаўны рост”, — меркаваў генеральны дырэктар „Лідскага піва” Аўдрыус Мікшыс.

Ён звяртаў увагу, што даходы спажыўцоў паступова растуць.”Але факт, што на ЖКГ, на транспартныя паслугі, на ежу людзі трацяць большы працэнт сваіх паступленняў. Людзі выбіраюць прадукты па ніжэйшых коштах. Гэта значыць цэнавы ціск і на піўны рынак”, — канстатаваў Мікшыс.

belapan.by