Беларусь не хоча аддаваць грошы за спыненыя праекты з ЕЗ

Еўракамісія патрабуе ад афіцыйнага Менска вярнуць грошы, вылучаныя на праекты праграм трансгранічнага супрацоўніцтва. Беларусь была выключаная з гэтых праектаў за падтрымку расейскай ваеннай агрэсіі. Аднак у МЗС Беларусі напісалі інструкцыю, як не вяртаць гэтыя грошы. Адпаведны дакумент разасланы па 22 міністэрствах і арганізацыях. Пра гэта сайту «Зеркало» расказала крыніца ў адным з міністэрстваў, якое атрымала такі дакумент. Ліст пад назвай «Аб ігнараванні патрабаванняў аб вяртанні грантавых сродкаў» датаваны 25-ым жніўня. У беларускім МЗС кажуць, што еўрапейскі бок не патлумачыў, як завяршыць пачатыя праекты, а не даў тлумачэнняў наконт «асваення рэсурсаў ЕЗ, якія паступілі на рахункі беларускіх партнёраў». Таму, маўляў, у Беларусі гэтыя праекты працягвалі рэалізоўваць.
Сярод іншага паведамляецца, што на рахунках беларускіх юрыдычных асоб знаходзіцца каля 627 тысяч еўра нявыкарыстаных грантавых сродкаў па праграмах «Польшча – Беларусь – Украіна» і «Латвія – Літва – Беларусь» на 2014-2020 гады. Запыты польскіх і літоўскіх органаў наконт вяртання грошай ЕЗ рэкамендуецца пакідаць без адказу ці вяртаць з фармулёўкай «вяртаецца без разгляду, патрабаванне аб вяртанні сродкаў не адпавядае дамоўным абавязкамі Беларусі і ЕЗ».
Беларускае Радыё Рацыя
