Беларусь па прадукцыйнасці працы больш як у пяць разоў адстае ад ЕЗ
Гэты дакумент ухвалены рашэннем калегіі Міністэрства эканомікі і апублікаваны ў апошнім нумары „Экономического бюллетеня”, які выдае Навукова-даследчы эканамічны інстытут Мінэканомікі.
Распрацоўшчыкі канцэпцыі адзначаюць, што ў Беларусі прымаюцца меры па паляпшэнні дзелавога клімату, пра што сведчыць рост пазіцый Беларусі ў міжнародным рэйтынгу Сусветнага банка Doing Business.
„У той жа час застаецца нявырашаным шэраг праблем. Па прадукцыйнасці працы рэспубліка больш як у пяць разоў адстае ад узроўню Еўразвяза, захоўвае актуальнасць праблема высокай энерга- і матэрыялаёмістасці вытворчасці, па-ранейшаму нізкая аддача ад інвестыцый у асноўны капітал”, — падкрэсліваюць аўтары канцэпцыі.
Нягледзячы на рост унёску малых і сярэдніх прадпрыемстваў у ВУП (з 19,8% у 2010 годзе да 24,7% у 2017-м), яго доля застаецца невысокай, гаворыцца ў дакуменце.
Акрамя гэтага, адзначаюць аўтары канцэпцыі, не задзейнічаны ў поўнай меры навукова-тэхнічны патэнцыял краіны, што значна звязана з недастатковасцю фінансавання. Яны нагадваюць, што ў 2010—2017 гадах доля выдаткаў на НДДКР у адносінах да ВУП складала менш за 1%.
„У выніку вельмі нізкая навукаёмістасць ВУП не спрыяе ўзнаўленню навукова-тэхналагічнага патэнцыялу і вырашэнню задач па паскарэнні інавацыйнага развіцця эканомікі краіны. Доля прынцыпова новай для сусветнага рынку беларускай прадукцыі нязначная”, — падкрэсліваюць аўтары канцэпцыі.
Яны звяртаюць увагу на тое, што калі ў 2015 годзе ў Глабальным рэйтынгу інавацый Беларусь займала 53-е месца, то у 2018 годзе — 86-е.