Беларусь пабудуе пункт кантролю якасці нафты з Расеі
Беларусь пабудуе на магістральным нафтаправодзе „Дружба” пункт кантролю якасці нафты з Расійскай Федэрацыі, паведаміў першы намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер прадпрыемства „Гомельтранснафта Дружба” Андрэй Вярыга ў інтэрв’ю інфармацыйнаму весніку „Нефтяная магистраль”.
Паводле яго слоў, адпаведнае рашэнне ўжо прынята, а першы этап праекта будзе рэалізаваны на працягу 2020 года.
„Канцэрн „Белнафтахім” падтрымаў нашу прапанову аб будаўніцтве на беларускім участку магістральнага нафтаправода „Дружба” сістэм вымярэння колькасці і паказчыкаў якасці нафты (СВКН). На працягу наступнага года будзе рэалізаваны першы этап праекта па ўстаноўцы СВКН на прыёме нафты з Расійскай Федэрацыі, гэта 106-ты км трасы нафтаправода Унеча — Мазыр”, — адзначыў Вярыга.
Нагадаем, у красавіку „Белнафтахім” выявіў у расійскай нафце павышанае ўтрыманне дыхлорэтану і, каб пазбегнуць аварыі на НПЗ, знізіў перапрацоўку і экспарт нафтапрадуктаў. Пасля таго як прымаць няякасную сыравіну адмовіліся замежныя спажыўцы, транзіт па „Дружбе” быў часова прыпынены, а ў Расіі распачалі крымінальную справу па факце забруджвання нафты.
У маі Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што з-за паставак няякаснай нафты Беларусь страціла „велізарныя грошы” — сотні мільёнаў долараў.
Ацэнкай шкоды ад аварыі на „Дружбе” займаецца рабочая група, створаная Беларуссю і Расіяй. У канцэрне „Белнафтахім” разлічвалі да канца года атрымаць кампенсацыю асноўнай масы страт з-за паставак у Беларусь забруджанай хларыдамі расійскай нафты, аднак пытанне дагэтуль не вырашана.
Фота belrynok.by