Беларусь пачала забор тэхналагічнай нафты з нефтаправода „Дружба”
Беларусь пачала забор тэхналагічнай нафты з нафтаправода „Дружба” для беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, паведамілі БелаПАН у прэс-службе канцэрна „Белнафтахім”.
„Ідзе аптымізацыя рэсурсаў ва ўмовах зніжэння паставак нафты. Гэты забор ідзе з участкаў, якія не былі задзейнічаныя ў транзіце нафты, каб не паўплываць на аб`ёмы транзіту і прапампоўкі, расейскі бок апавешчаны. Тут без партызанкі. Мера часовая. Забор ідзе з умовай кансервацыі і наступнай аператыўнай магчымасцю аднавіць гэтыя ўчасткі для прапампоўкі, значыць, раскансерваваць і задзейнічаць”, — паведаміў прадстаўнік канцэрна.
Тэхналагічная нафта — гэта рэшткі нафты, нафтапрадуктаў, вадкасці з утрыманнем нафты ў нафтаправодах, трубах, рэзервуарах. Асаблівасцю тэхналагічнага працэсу транспарціроўкі з’яўляецца, у тым ліку, стабільнасць такіх рэшткаў. Тэхналагічная нафта падтрымлівае ціск у трубе і забяспечвае эфектыўнасць эксплуатацыі нафтаправода да пункту адбору яе контрагентам.
Менск і Масква не могуць дамовіцца аб цане на расійскую нафту, што пастаўляецца ў Беларусь. З-за адсутнасці кантракта Расея з новага года спыніла пастаўкі нафты. Беларускі ўрад вядзе комплексную працу па пошуку альтэрнатыўных пастаўшчыкоў.
Расея не пастаўляе нафту ў Беларусь без прэміі да цаны, якая складае прыблізна 10 долараў за тону. У Беларусі адмовіліся яе плаціць, спасылаючыся на тое, што з-за падатковага манеўру цана расійскай нафты і так павялічылася. Цяпер яна складае 83% сусветнай.
7 лютага ў Сочы адбыўся чарговы раўнд перамоваў Лукашэнкі і Пуціна па пытаннях пастаўкі расійскіх энерганосьбітаў у Беларусь. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ Дзмітрый Казак паводле вынікаў перамоваў заявіў журналістам, што бакі дамовіліся захаваць умовы пастаўкі газу ў цэнах 2019 года. Пастаўкі нафты, паводле яго слоў, будуць ісці па рынкавых цэнах. „Мы будзем спрыяць дасягненню пагадненняў паміж беларускімі спажыўцамі і вытворцамі нафты ў нашай краіне”, — дадаў расейскі чыноўнік.
„Мы не можам сёння рэзка змяніць умовы рэгулявання нашай нафтавай галіны. Цэны на сырую нафту фармуюцца рынкам і адміністрацыйна не рэгулююцца. Гэта ўсё застанецца. Але мы будзем усяляк спрыяць дасягненню гэтых пагадненняў, каб забяспечыць Беларусь неабходнымі аб’ёмамі нафты”, — падкрэсліў Казак.
Вынікі перамоваў таксама пракаментаваў першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Дзмітрый Крутой. „Расейскі бок пагадзіўся, што беларускія НПЗ будуць купляць нафту згодна з дамоўленасцямі з расійскімі нафтавымі кампаніямі па цэнах, якія ўсталёўваюцца на сусветным рынку”, — заявіў ён журналістам. „Дарэчы, гэтага ж на працягу ўсіх перамоў неаднаразова патрабавалі наш прэзідэнт і беларускі бок”, — адзначыў першы віцэ-прэм’ер. „Беларусі не трэба ніякіх спецыяльных, эксклюзіўных умоў, мы хочам купляць нафту па сусветных каціроўках, і не горш”, — падкрэсліў Крутой.
Цяпер група кампаній „Сафмар” блізкага да Аляксандра Лукашэнкі бізнесмена Міхаіла Гуцарыева з’яўляецца адзіным пастаўшчыком расейскага вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь. Таксама закуплена і з канца студзеня перапрацоўваецца партыя нарвежскай нафты ў 80 тыс. тон. У наяўнай сітуацыі беларускія заводы ў Мазыры і Наваполацку працуюць на мінімальнай загрузцы. Яны перапрацоўваюць ад 16 да 20 тысяч тон нафты за суткі і ў першую чаргу забяспечваюць палівам унутраны рынак.