Беларусь падпісала ў Шанхаі кантракты больш як на $13 млн
Арганізацыі нафтахімічнага комплексу Беларусі заключылі кантракты на пастаўку ў Кітай прадукцыі больш як на $13 млн. Дакументы падпісаны ў час першай кітайскай міжнароднай выстаўкі імпартных тавараў і паслуг China International Import Expo ў Шанхаі, паведамілі ў прэс-службе канцэрна „Белнафтахім”.
Кантракт на $12 млн на пастаўку акрылавага валакна падпісаны паміж ААТ „Нафтан” і кампаніяй China National Fiber.
Крэменязёмнае валакно вытворчасці ААТ „Полацк-Шкловалакно” згодна з кантрактамі на агульную суму 1 млн еўра, падпісанымі на выстаўцы, будуць атрымліваць кітайскія кампаніі DBW Automotive Components Shanghai і Lih Feng Jiing Enterprise.
Шэраг падпісаных з кітайскімі кампаніямі дакументаў на суму каля $500 тыс. – у ААТ „СветлагорскХімвалакно”, што прапануе на рынак КНР свае вугляродныя матэрыялы.
Мемарандум аб узаемаразуменні ў галіне супрацоўніцтва па пастаўках прадукцыі падпісаны таксама паміж ААТ „Белшына” і кампаніяй Taiyuan Iron and Steel Co., Ltd.
У час візіту ў Кітай на выстаўку намесніка старшыні канцэрна „Белнафтахім” Уладзіміра Сізова адбыліся яго перагаворы з прадстаўнікамі кітайскай кампаніі „Камплант” па пытаннях інвестыцыйнага супрацоўніцтва.