Беларусь падпіша пагадненне з Казахстанам аб гандлі нафтай
Пагадненне Беларусі з Казахстанам аб гандлі нафтай і нафтапрадуктамі плануецца падпісаць у кастрычніку, паведаміў журналістам намеснік старшыні канцэрна «Белнафтахім» Уладзімір Сізоў 26 верасня ў Менску падчас канферэнцыі «Рынак нафтапрадуктаў і газу Рэспублікі Беларусь: вытворчасць, трэйдынг, розніца».
«Пагадненне падрыхтавана. Мяркуецца, што яно будзе падпісана падчас візіту кіраўніка дзяржавы ў Казахстан у кастрычніку», – расказаў Сізоў.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў дамове не абазначаюцца аб’ёмы, а агавораны толькі ўмовы паставак нафты і нафтапрадуктаў.
Паводле слоў намесніка старшыні «Белнафтахіма», беларускі бок разумее магчымыя маршруты дастаўкі казахстанскай нафты.
На мінулым тыдні Сізоў заявіў журналістам, што дастаўка казахстанскай нафты магчымая ў Беларусь з дапамогай выкарыстання магістральных нафтаправодаў, а таксама чыгункі. «У нас ужо быў вопыт выкарыстання чыгункі для дастаўкі казахстанскай сыравіны і загрузкі другасных працэсаў НПЗ», – адзначыў намеснік кіраўніка «Белнафтахіма».
Акрамя таго, дадаў ён, у пачатку 2000-х «быў вопыт дастаўкі казахстанскай нафты для загрузкі беларускіх НПЗ». «Абʼёмы дастаўкі казахстанскай нафты залежаць ад дамоўленасцяў субʼектаў гаспадарання і эканамічнай мэтазгоднасці», – падкрэсліў Сізоў.
Увесну гэтага года намеснік генеральнага дырэктара Беларускай нафтавай кампаніі Сяргей Грыб, адказваючы на пытанні БелаПАН, адзначаў, што Беларусь у гэтым годзе разлічвае пачаць закупляць нерасейскую нафту. «На сусветным рынку 18 гатункаў нафты, якія могуць перапрацоўваць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы», – сказаў Грыб.
Пры гэтым ён удакладніў, што мэтазгоднасць паставак альтэрнатыўнай (нерасейскай) нафты будзе залежаць ад цаны сыравіны, лагістыкі і ў канчатковым выніку ад эфектыўнасці нафтаперапрацоўкі.