Беларусь павінна ў 2019 годзе заплаціць па даўгах амаль 5 млрд долараў



У 2019 годзе ўрад і Нацыянальны банк павінны накіраваць на выплаты па даўгах 4,9 млрд долараў. Паводле інфармацыі БелаПАН, з гэтай сумы абавязацельствы ўрада складаюць 3,8 млрд долараў, Нацбанка — 1,1 млрд долараў.

Улады маюць намер разлічвацца па сваіх абавязацельствах за кошт даўгавых і недаўгавых крыніц.

У прыватнасці ў 2019 годзе Мінфін мае намер прыцягнуць новыя пазыкі на 1,87 млрд долараў, у тым ліку 370 млн — на ўнутраным рынку за кошт размяшчэння валютных аблігацый. Яшчэ 1,5 млрд долараў улады збіраюцца пазычыць на знешніх рынках. Як чакаецца, частку даўгавых абавязацельстваў удасца выканаць за кошт недаўгавых крыніц.

Паводле звестак БелаПАН, праект бюджэту-2019 падрыхтаваны з улікам ацэнкі, што ў наступным годзе паступленні ад вывазных мытных пошлін на нафтапрадукты складуць 627,2 млн долараў, бязвыплатныя паступленні з расейскага бюджэту (даходы ад „ператаможкі” расейскі нафты) — 522,6 млн долараў.

Кіраўнік беларускага ўрада Сяргей Румас на мінулым тыдні заявіў у Палаце прадстаўнікоў, што плацяжы па дзярждоўгу ў 2019 годзе асаблівых праблем не выклікаюць — турбуе павелічэнне пазыковага цяжару. „Кожны сёмы рубель з расходаў бюджэту будзе накіраваны ў наступным годзе на абслугоўванне доўгу”, — канстатаваў прэм’ер-міністр.

Мяркуецца, што расходы рэспубліканскага бюджэту ў наступным годзе складуць 21,8 млрд рублёў, а расходы на абслугоўванне ўнутранага і знешняга дзярждоўгу — амаль 3 млрд рублёў.

Незалежныя эксперты адзначаюць, што вялікія плацяжы дзяржавы па дзярждоўгу ў найбліжэйшыя гады захаваюцца, і каб без праблем прайсці гэты перыяд, трэба вырашыць шэраг пытанняў. У першую чаргу, трэба дамовіцца з Масквой аб кампенсацыі стратаў беларускага бюджэту ў сувязі з рэалізацыяй падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расеі, лічыць дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.

Дзяржаўны доўг Беларусі апошняе дзесяцігоддзе пастаянна расце з-за дзвюх прычын, адзначае дырэктар інвестыцыйнай кампаніі „Юнітэр” Раман Восіпаў. „Першая прычына — дзяржпрадпрыемствы пераклалі свае даўгі на бюджэт. Другая прычына — сярэднія тэмпы эканамічнага росту ў краіне апынуліся ніжэйшымі, чым кошт абслугоўвання дзярждоўгу”, — канстатуе Восіпаў.

На яго думку, патэнцыял скарачэння дзярждоўгу знаходзіцца ў вырашэнні дзвюх гэтых праблем. „Рашэнне абодвух гэтых пытанняў звязанае з будучыняй дзяржсектара. Бо дзяржпрадпрыемствы, з аднаго боку, вядуць да павелічэння валавога дзярждоўгу, а з другога — займаюць дамінавальную ролю ў эканоміцы. Без падвышэння іх эфектыўнасці вырашыць даўгавую праблему не ўдасца”, — перакананы Восіпаў.

Ён адзначае, што павысіць эфектыўнасць беларускага дзяржсектара можна ў выпадку перагляду цяперашняй практыкі, калі аператыўным кіраваннем дзяржпрадпрыемстваў займаецца не толькі менеджмент, але і дзяржорганы. У сувязі з гэтым эксперт прапанаваў звярнуць увагу на кітайскі вопыт.

„У Кітаі за дзейнасць дзяржкампаніі адказвае менеджмент, а не міністэрствы. Дзяржорганы наогул не займаюцца аператыўным кіраваннем дзяржкампаніямі, і за кошт прыходу прафесійных кіраўнікоў там удалося падвысіць эфектыўнасць працы дзяржпрадпрыемстваў”, — канстатаваў Восіпаў.

БелаПАН