Беларусь павялічыла экспарт камп’ютарных паслуг



За студзень—лістапад экспарт камп’ютарных паслуг Беларусі склаў 1 млрд 384,5 млн долараў і павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года на 35,2%, сведчаць афіцыйныя статдадзеныя.

Доля камп’ютарных паслуг у агульным экспарце паслуг вырасла да 17,6% (супраць 14,5% у студзені—лістападзе 2017 года).

Паводле дадзеных Парку высокіх тэхналогій, адным з найбуйнейшых экспарцёраў камп’ютарных паслуг з’яўляецца кампанія EPAM Systems.

Старшыня савета дырэктараў EPAM Systems Аркадзь Добкін, адказваючы на пытанні БелаПАН падчас прэс-канферэнцыі ў снежні 2018 года, выказаў меркаванне, што беларускі экспарт камп’ютарных паслуг будзе расці ў сярэднетэрміновай перспектыве больш чым на 20% у год.

Топ-менеджар ІТ-кампаніі назваў поспехі, якіх дасягае ІТ-сектар Беларусі, „уражальнымі” і выказаў меркаванне, што пазітыўны ўплыў гэтага сектара на эканоміку працягнецца.

Яшчэ адзін буйны гулец ІТ-галіны Беларусі кампанія VP Capital чакае, што па выніках 2018 года сектар інфармацыйна-камунікацыйных паслуг вырасце на 40% у параўнанні з 2017 годам.

Як паведамлялася, асноўны аб’ём камп’ютарных паслуг беларускія кампаніі прадаюць на знешніх рынках. Пры гэтым каля 85% экспарту фарміруюць рэзідэнты Парку высокіх тэхналогій.

БелаПАН