Беларусь павялічыла экспарт нафтапрадуктаў у студзені-красавіку амаль на траціну
Беларусь у студзені-красавіку паставіла на экспарт амаль 4,6 млн тон нафтапрадуктаў, сведчаць афіцыйныя статдадзеныя.
У фізічным выражэнні экспарт нафтапрадуктаў павялічыўся на 28,8%.
У вартасным выражэнні экспарт беларускіх нафтапрадуктаў склаўся на ўзроўні 2,27 млрд долараў і вырас на 47,8% у параўнанні са студзенем-красавіком 2017 года.
Варта зазначыць, што ў студзені-красавіку назіралася стратная праца беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Прадпрыемствы, якія занятыя нафтаперапрацоўкай, у студзені-красавіку 2018 года атрымалі чыстую страту ў памеры 142,1 млн рублёў.
Прадстаўнікі галіны раней тлумачылі журналістам, што страты беларускіх нафтаперапрацоўшчыкаў сёлета шмат у чым звязаныя з умовамі рэалізацыі нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку. Паводле дадзеных канцэрна „Белнафтахім”, у сакавіку цэны нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку, якія рэгулюе дзяржава, былі на 100—150 долараў за тону ніжэйшыя ў параўнанні з экспартнымі цэнамі на паліва.
У сувязі са стратнай дзейнасцю беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў улады сёлета прымаюць рашэнні аб паступовым павышэнні кошту паліва на ўнутраным рынку. З пачатку года цэны на паліва ў Беларусі павышаліся дзевяць разоў, апошні раз — 15 траўня.
У канцы траўня віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка заявіў журналістам, што ва ўрадзе пакуль не вызначыліся з далейшай тактыкай змены цэн на аўтамабільнае паліва, аднак іх павышэнне ў хуткім часе непазбежнае ў сувязі з павелічэннем ўваходных цэн на нафту, якое працягваецца.
„У абодвух НПЗ інвестыцыйная праграма — на 1,7 млрд долараў на Мазырскім НПЗ і 1,6 млрд долараў — на „Нафтане”. Іх жа трэба „адбіваць”, абслугоўваць крэдыты, і гэта трэба рабіць за кошт прыбытку заводаў”, — растлумачыў Сямашка неабходнасць далейшага росту цэн на паліва на ўнутраным рынку.
belapan.by