Беларусь павялічыла экспарт паслуг на 11,5%
Паводле звестак Белстата, у студзені 2019 года экспарт паслуг, разлічаны па метадалогіі плацежнага балансу, склаў 665,2 млн долараў ЗША і ў параўнанні са студзенем 2018 года павялічыўся на 11,5%.
Імпарт паслуг знізіўся на 7,4% да 336,1 млн долараў. Станоўчае сальда склала 329,1 млн долараў (у студзені 2018 года — 233,5 млн).
З агульнага аб’ёму экспарту паслуг Беларусі на долю краін ЕАЭС прыпадала 20,1% (пры гэтым на долю Расеі — 19,2%), краін ЕЗ — 46,3%, астатніх краін — 33,6%. Імпарт з краін ЕАЭС склаў 32% агульнага аб’ёму імпарту (пры гэтым з Расеі — 31%), краін ЕЗ — 44,4%, астатніх краін — 23,6%.
Экспарт транспартных паслуг вырас на 8,8% да 316,7 млн долараў, імпарт — на 8,2% да 142,1 млн. Пры гэтым экспарт паслуг аўтамабільных перавозак вырас на 1% да 88,5 млн долараў, імпарт — на 3,3% да 44,2 млн долараў.
Экспарт будаўнічых паслуг знізіўся на 28,8% да 44,1 млн долараў, імпарт — на 38,7% да 57,7 млн долараў.
Экспарт камп’ютарных паслуг павялічыўся на 41,6% да 136,4 млн долараў, імпарт — на 21% да 9,8 млн долараў.
Экспарт тэлекамунікацыйных паслуг знізіўся на 13,3% да 16,3 млн долараў, імпарт — вырас на 14% да 9,8 млн долараў.
Экспарт паслуг у галіне архітэктуры, інжынерных і тэхнічных паслуг павялічыўся на 32% да 9,9 млн долараў. Імпарт гэтых паслуг знізіўся на 39,1% і склаў 7 млн долараў.
Экспарт паслуг аперацыйнага лізінгу вырас на 1,1% да 9,5 млн долараў, імпарт — знізіўся на 12,5% да 6,3 млн долараў.
Экспарт у галіне выкарыстання інтэлектуальнай уласнасці павялічыўся ў 2,3 разу і склаў 6,7 млн долараў, імпарт знізіўся на 6,5% да 8,6 млн долараў.
Экспарт фінансавых паслуг павялічыўся на 44,8% да 4,2 млн долараў, імпарт — на 9,6% да 23,9 млн долараў.
Экспарт паслуг у галіне рэкламы, маркетынгу, арганізацыі выставаў вырас на 19,7% і дасягнуў 14 млн долараў, імпарт знізіўся на 1,8% да 5,6 млн долараў.
Па долі экспарту ў агульным аб’ёме лідзіруюць транспартныя (47,6%) і камп’ютарныя (20,5%) паслугі, імпарту — транспартныя (42,3%) і будаўнічыя (17,2%).
Беларускі экспарт паслуг можна значна павялічыць за кошт развіцця лаўкостараў, прыватнай медыцыны і адукацыі. Такое меркаванне раней выказалі БелаПАН незалежныя эканамісты. Яны перакананыя, што ў сектары транспартных, адукацыйных і медыцынскіх паслуг крыецца „гіганцкі рэзерв”.