Беларусь павысіла экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты
Беларусь 1 лютага 2020 года падвысіла экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца за межы мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза. Адпаведная пастанова Савета міністраў (№ 46) была прынятая 28 студзеня 2020 года.
Стаўка экспартнай пошліны на сырую нафту складае 78,5 долара за тону (раней — 77,2), на прамагонны бензін — 43,1 (42,4). На таварныя бензіны, лёгкія, сярэднія дыстыляты, дызельнае паліва, бензол, талуол, ксілолы, змазачныя і іншыя маслы экспартная пошліна роўная 23,5 долара за тону (23,1).
Папярэдні раз стаўкі вывазных мытных пошлін на сырую нафту і асобныя катэгорыі тавараў, выпрацаваных з нафты, змяняліся 1 студзеня. Тады яны былі зніжаныя.