Беларусь пазбаўляецца актываў на тэрыторыі Украіны
Выстаўлены на аўкцыён Тамашгародскі камнедрабільны завод, на чарзе – база адпачынку “Бераг” пад Мікалаевым. Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
– Тамашгародскі камнедрабільны завод, што ў Ровенскай вобласці, лічыцца ці не самым рэнтабельным беларускім прадпрыемствам ва Украіне. Завод спецыялізуецца на вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і належыць прадпрыемству “Дарбудіндустрыя”. Нягледзячы на прыбытковасць завода, уласнікі выставілі яго на аўкцыён яшчэ два месяцы таму са стартавай сумай у 924 000 даляраў. Ахвотных набыць прадпрыемства не знайшлося і дагэтуль.
Гэта далека не адзіны ўкраінскі актыў, ад якога ў Беларусі хочуць пазбавіцца. З мінулага года выстаўленая на аўкцыён і турыстычная база “Бераг” пад Мікалаевым. Стартавая сума – 65 000 даляраў, што можна супаставіць з коштам двухпакаёўкі ў Кіеве. Жадючых набыць турбазу пакуль няма.
Прычыны такіх паспешлівых продажаў беларускай маёмасці ва Украіне не называюцца, хаця яны навідавоку: вайна, эканамічны крызіс і палітычная нестабільнасць у краіне.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна
Фота belgid.by