Беларусь пазычыла ў Кітая 500 млн даляраў
Беларусь прыцягнула пазыку Банка развіцця Кітая на 3,5 млрд кітайскіх юаняў, што эквівалентнае 500 млн даляраў. Адпаведнае пагадненне падпісанае ў Шанхаі, паведамляе Міністэрства фінансаў.
Ад імя Беларусі пагадненне падпісаў міністр фінансаў Максім Ермаловіч.
„Крэдыт не звязаны з рэалізацыяй якога-небудзь праекта і можа быць накіраваны на агульныя мэты, у тым ліку на пагашэнне і абслугоўванне дзяржаўнага доўгу, падтрыманне золатавалютных рэзерваў, а таксама спрыянне развіццю двухбаковага гандлю паміж Беларуссю і Кітаем”, — гаворыцца ў паведамленні.
Міністэрства адзначае, што „беспрэцэдэнтнасць гэтай здзелкі сведчыць аб новым узроўні адносін” з Банкам развіцця Кітая і „павышэнні даверу кітайскіх фінансавых інстытутаў” да Беларусі.
У 2020 годзе Беларусь павінна накіраваць на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу 2,9 млрд рублёў і 6 млрд — на пагашэнне асноўнага доўгу. Пры гэтым на 75% плацяжы па пагашэнні дзярждоўгу плануецца рэфінансаваць.
Беларускія ўлады ў 2019 годзе планавалі прыцягнуць расейскі крэдыт на 600 млн даляраў для рэфінансавання плацяжоў па дзярждоўгу, аднак Масква звязала даванне пазыкі з працэсам па „паглыбленні” эканамічнай інтэграцыі паміж дзвюма краінамі.
З-за гэтай прычыны афіцыйны Менск звярнуўся да Банка развіцця Кітая для прыцягнення пазыкі. Першы намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў, адказваючы на пытанні журналістаў у лістападзе, адзначыў, што кітайскі крэдыт дасць магчымасць замясціць расійскі крэдыт, які Беларусь не змагла атрымаць 2019 годзе. „Аб’ём сродкаў, які мы плануем прыцягнуць з Кітая, прыкладна эквівалентны сродкам, што мы планавалі прыцягнуць з Расеі”, — сказаў Селіверстаў.
Паводле яго слоў, атрыманне крэдыту Банка развіцця Кітая дазволіць выканаць дзяржаве даўгавыя абавязацельствы ў наступным годзе. „Улічваючы тое, што мы вядзем палітыку па дыверсіфікацыі запазычанняў, улічваючы, што ў нас ёсць абавязацельствы перад нашымі кітайскімі партнёрамі, прыцягненне сродкаў Банка развіцця Кітая ў цэлым спрыяльна паўплывае на бюджэт”, — сказаў Селіверстаў.
belapan.by