Беларусь першая па росце цэнаў сярод былога СССР



Беларусь заняла першае месца на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн у лютым 2016 года і другое — паводле вынікаў студзеня—лютага, сведчыць праведзены БелаПАН аналіз звестак нацыянальных органаў статыстыкі.

У лютым спажывецкія цэны ў краіне павялічыліся на 2,9%. Далей ідуць Казахстан (1,1%), Эстонія (0,7%), Расея (0,6%), Таджыкістан (0,5%), Азербайджан (0,4%), Грузія і Латвія (па 0,1%). У Кыргызстане цэны знізіліся на 0,2%, у Літве — на 0,3%, ва Украіне — на 0,4%, у Малдове — на 0,5%, у Арменіі — на 1,4%. Няма звестак па Туркменістане і Узбекістане. У непрызнаным Прыднястроўі, які мае ўласную фінансавую сістэму, цэны зменшыліся за месяц на 0,6%.

За першыя два месяцы гэтага года спажывецкія цэны ў найбольшай ступені выраслі ў Азербайджане (6,3%), Беларусі (4,8%) і Казахстане (2,5%). Гэты паказчык быў меншы ў Таджыкістане (1,9%), Расіі (1,6%), Грузіі (1%), Арменіі (0,8%), Эстоніі (0,6%), ва Украіне (0,5%) і ў Малдове (0,1%). Зніжэнне цэн адзначанае ў Кыргызстане (на 0,3%), Латвіі (на 0,5%) і Літве (0,7%). З Туркменістана і Узбекістана звестак няма. У Прыднястроўі цэны знізіліся на 0,4%.

У студзені 2016 года Беларусь з ростам цэн на 1,9% заняла трэцяе месца пасля Азербайджана (5,8%) і Арменіі (2,2%), апярэдзіўшы Таджыкістан (1,4%), Казахстан (1,3%), Расею (1%), Грузію, Украіну (па 0,9%) і Малдову (0,7%). Не змяніліся цэны ў Кыргызстане, зменшыліся — у Эстоніі (на 0,1%), Літве (на 0,3%) і Латвіі (на 0,6%).