Беларусь плануе пастаўляць бульбу ў краіны ЕЗ



Беларусь плануе пастаўляць бульбу ў краіны Еўразвяза, паведаміў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў перад адкрыццём форуму „Беларусь аграрная” 26 лютага ў Менску.

„Мы падалі ўжо заяўку па пераатэстацыі нашых зямель, і камісія ЕЗ разглядае нашу прапанову. Мы будзем далей рухацца ў пытанні сертыфікацыі нашых прадпрыемстваў для паставак у Еўрапейскі звяз”, — сказаў Багданаў.

Ён заўважыў, што пакуль асноўным рынкам экспарту бульбы з’яўляецца Расея, у мінулым годзе там атрыманы высокі ўраджай, таму Беларусь скараціла экспартныя пастаўкі. У 2018 годзе пастаўлена 280 тыс. тон, на 28% менш, чым у 2017-м. Аб’ём паставак у грашовым выражэнні склаў 50,2 млн долараў. Усяго пастаўкі ажыццяўляліся ў 12 краін. У краіны ЕАЭС пастаўлена 94,3% агульнага аб’ёму экспарту (з іх у Расею — 99,4%), у краіны Азіі — 0,2%, іншыя краіны — 5,5%. Доля Беларусі ў імпарце бульбы ў Расею займае каля 50%. „Таму нам варта дыверсіфікаваць экспарт, адыходзіць ад залежнасці ад аднаго рынку, павышаць якасць вытворчасці, укараняючы лічбавыя тэхналогіі і стандарты экалагічнай вытворчасці”, — адзначыў спецыяліст.

Паводле яго інфармацыі, у цэлым экспарт прадукцыі раслінаводства ў 2018 годзе вырас на 16% і склаў 500 млн долараў. „Мы ставілі задачу за тры гады вырасці з 380 млн да паўмільярда, і мы яе дасягнулі”, — сказаў Багданаў.

Бульба заняла 10% у экспарце прадукцыі раслінаводства, свежая гародніна — 44%, плады і ягады — 16%, ільновалакно — 4%, збожжа — 1%.

„Драйверам росту стаў экспарт свежай агародніны, які склаў 187,5 млн долараў, што на 6% больш, чым у 2017 годзе. Разам з тым на 25 тыс. тон, або 7%, скараціўся фізічны аб’ём паставак — да 334 тыс. тон. Гародніна пастаўлялася ў 19 краін, з якіх доля ЕАЭС склала 85,7% (Расеі — 99,9%, доля Беларусі ў імпарце — 20%), краін ЕЗ — 12,9%, іншых — 1,4%”, — расказаў кіраўнік упраўлення.

Аб’ём экспарту яблыкаў і груш вырас на 47% да 18,7 млн долараў, пастаўлена 110 тон гэтай прадукцыі. Доля ЕАЭС — 99,6% (Расеі — 99,9%), ЕЗ — 0,4%.

Прырост экспартных паставак ільновалакна склаў 21%, або 19,6 млн тон. „Ён адбыўся ў тым ліку за кошт росту паставак у Кітай у паўтара раза — да 10,1 тыс. тон”, — адзначыў Багданаў.

БелаПАН