Беларусь плануе пастаўляць сельгаспрадукцыю ў Іран



Беларусь плануе пастаўляць на іранскі рынак сельгаспрадукцыю на 100 млн даляраў штогод. Адпаведнае пагадненне заключылі 9 студзеня ў Менску ЗАТ „Мяса-малочная кампанія” і іранская кампанія IMEX, паведаміў БелаПАН начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў.

Пагадненнем прадугледжваюцца „сумесныя дзеянні па прасоўванні беларускай сельгаспрадукцыі на іранскі рынак”. „У першую чаргу, гэта ялавічына і сметанковае масла. Наступны этап — пастаўкі сухога малака і дзіцячых малочных сумесяў. У далейшым хацелася б выйсці на пастаўкі сыроў і іншай малочнай прадукцыі ў Іран”, — адзначыў Багданаў.

Таксама падчас перамоў бакі дамовіліся аб правядзенні ў Гандлёва-прамысловай палаце Ірана ў канцы лютага бізнес-форуму з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і бізнес-колаў мяса-малочнай прамысловасці абедзвюх краін.

„Мы ўжо пастаўляем прадукцыю ў Іран, але таваразварот нязначны. Ёсць складанасці з праходжаннем сертыфікацыі, але гэтае пытанне ссунулася з мёртвай кропкі. Мы спадзяемся, што гэтая дамова паспрыяе актывізацыі гандлю з Іранам”, — адзначыў прадстаўнік Менсельгасхарча.