Беларусь прадставіла Расеі новыя прапановы па пастаўках нафты
Беларусь прадставіла Расеі новыя прапановы па пастаўках нафты, заявіў журналістам 11 сакавіка ў Маскве прэм’ер-міністр Сяргей Румас па выніках перамоў са сваім расейскім калегам Міхаілам Мішусціным. Інтэрвʼю кіраўніка беларускага ўрада размясціла на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» прэс-сакратар прэмʼер-міністра Аляксандра Ісаева.
Паводле слоў Румаса, сітуацыя на сусветным рынку нафты змянілася, цэны ўпалі і ў сувязі з гэтым беларускі бок прадставіў Расеі новыя прапановы для нафтавых кампаній, якія «расейскі бок прыняў і паабяцаў на працягу некалькіх дзён правесці кансультацыі з нафтавымі кампаніямі і даць адказ». «На першы погляд, прапановы не былі аспрэчаныя расейскім бокам. Думаю, што мы рушым наперад у вырашэнні гэтай нафтавай спрэчкі», – сказаў прэмʼер-міністр.
«На сустрэчы з маім калегам мы абмяркоўвалі шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, у нас вялікі парадак дня, які не абмяжоўваецца нафтай. Тавараабарот у мінулым годзе быў з Расейскай Федэрацыяй 36 млрд долараў, і нафта і нафтапрадукты хоць і займаюць важную частку ў гэтым тавараабароце, але гэта не ўсё ў супрацоўніцтве з РФ. Сёння мы абмеркавалі ўсе пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, якія хвалююць кожны з бакоў, і ў прынцыпе я задаволены вынікамі перамоваў», – заявіў прэмʼер-міністр.
«Белнафтахім» пакуль не дамовіўся пра пастаўкі нафты з буйнымі расейскімі кампаніямі. Яны настойваюць на прэміі да цаны нафты. Менск адмаўляецца яе плаціць, бо расейская сыравіна і так даражэе з-за падатковага манеўру.
Аляксандр Лукашэнка 7 сакавіка абмеркаваў пытанні паставак нафты ў Беларусь з нядаўна прызначаным віцэ-прэмʼерам Юрыем Назаравым, які курыруе нафтахімічны комплекс, а таксама кіраўніком канцэрна «Белнафтахім» Андрэем Рыбаковым. «Да мяне паступіў шэраг прапаноў па пастаўках нафты і перапрацоўцы ў Беларусі. Зараз такіх прапаноў ужо, дзякуй богу, нямала. Я хачу з вамі ўзгадніць некаторыя пытанні. І параіцца, якім чынам нам (варта, не варта купляць гэтую нафту) лепш зрабіць, што больш эканамічна выгаднае», – сказаў афіцыйны лідар.
«Думаю, што мы знойдзем рашэнне. Я вас выцягнуў у выхадны дзень, таму што пытанне нельга адкласці. Нам трэба прымаць рашэнне і ўжо з панядзелка-аўторка забіраць гэтую нафту. Таму што абʼёмы вялікія – больш за 6 млн тон», – заявіў Лукашэнка.
Сёлета, згодна з індыкатыўным балансам, пастаўкі расейскай нафты павінны скласці 24 млн тон. Аднак Лукашэнка заявіў, што Беларусь не будзе плаціць прэмію расейскім нафтавым кампаніям, калі яны пастаўляюць прадукт па сусветнай цане.
21 лютага адбылася тэлефонная размова прэзідэнтаў Беларусі і Расеі. Пасля гутаркі Лукашэнка паведаміў, што Уладзімір Пуцін абяцаў кампенсаваць страты Беларусі ад падатковага манеўру. У Менску гэтыя страты ацэньваюць у 420-430 млн долараў у 2020 годзе. Акрамя таго, сказаў Лукашэнка, Расея гатовая захаваць для Беларусі «фінансавы ўзровень па нафце мінулага года». Пазней у Міністэрстве энергетыкі РФ растлумачылі, што Расея прапанавала Беларусі штогадовае змяншэнне прэміі да цаны нафты на 2 долары за тону, што дасць магчымасць часткова кампенсаваць негатыўны эфект ад падатковага манеўру.
3 сакавіка Лукашэнка правёў нараду, прысвечаную нафтаперапрацоўчаму комплексу. «Мы самі вінаватыя, што не дыверсіфікавалі ў свой час пастаўкі нафты», – заявіў ён. Паводле слоў беларускага кіраўніка, «асобныя дзяржавы зразумелі, што пры дапамозе вентыля на нафтавай трубе выгадныя ім пытанні вырашаюцца значна лягчэй». «Не думайце, што я намякаю тут толькі на Расею, – гэта стала нормай для дзяржаў планеты, якія маюць ад Госпада такое шчасце», – цытавала Лукашэнку яго прэс-служба. «На жаль, нягледзячы ні на якія ўзаемныя абавязацельствы, такая практыка стала прымяняцца і ў дачыненні да Беларусі. Умовы пастаўкі нафты ва ўльтыматыўнай форме звязваюцца з іншымі праблемамі, якія жадае вырашыць краіна-пастаўшчык. Адбываецца гэта без аглядкі на дзейную дагаворную базу і прынцыпы пабудовы нашых адносін», – адзначыў афіцыйны лідар. Паводле яго слоў, Беларусь недаатрымлівае прыблізна 1 млн тон нафты штомесяц.
Фота: БелТА