Беларусь практычна прыпыніла пастаўкі нафтапрадуктаў у Расею
У траўні гэтага года Беларусь практычна не пастаўляла ў Расею нафтапрадукты.
Згодна са звесткамі афіцыйнай статыстыкі, за студзень—травень экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у Расею склаў 161 тыс. тон. За студзень—красавік на расейскі рынак было адгружана 156,1 тыс. тон. Такім чынам, у траўні пастаўкі склалі ўсяго 4,9 тыс. тон.
У грашовым выражэнні экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у Расею склаўся за студзень—травень на ўзроўні 51,2 млн. даляраў і павялічыўся за травень усяго на 2,5 млн. даляраў.
Нагадаем, у чэрвені расейскі бок абвясціў пра рашэнне скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь. „Мы зыходзім з таго, што графік паставак нафты на трэці квартал у Беларусь будзе ніжэйшы, чым меркавалася, — заявіў журналістам міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак. — Гэта звязанае з двума фактарамі: неаплатай за пастаўлены газ „Газпрому” і непаступленнем даходаў у бюджэт у сувязі з гэтым, другі фактар — гэта недапастаўкі нафтапрадуктаў з беларускіх НПЗ у Расею”.
Варта адзначыць, што раней Беларусь і Расея дамовіліся пра тое, што беларускія заводы паставяць на расейскі рынак мільён тон бензінаў ў 2016 годзе. Аднак у пачатку лютага віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што ў гэтым годзе Беларусі нявыгадна прадаваць бензін Расеі, таму беларускі бок скараціў пастаўкі нафтапрадуктаў на расейскі рынак. „Для нас пастаўляць сёння бензін у Расею — працаваць глыбока ў страту”, — сказаў Сямашка.
Рознагалоссі паміж Беларуссю і Расеяй паўсталі не толькі па пытанні умоў паставак нафтапрадуктаў, але і кошту расейскага газу. Беларускі бок заяўляў, што ў сувязі з аслабленнем курсу расейскага рубля кошт газу для Беларусі ў даляравым выражэнні павінен быць зніжаны. Расейскі ўрад не згодны з такой пазіцыяй, але, нягледзячы на гэта, Беларусь стала разлічвацца за газ па ніжэйшай цане ў даляравым выражэнні. У выніку, згодна са звесткамі „Газпрома”, блізу канца мая ўтварылася запазычанасць Беларусі за газ ў 250 млн. даляраў.