Беларусь прапрацуе з Латвіяй магчымасць прамой пастаўкі электраэнергіі



Беларусь прапрацуе з Латвіяй магчымасць прамой пастаўкі ў гэтую краіну беларускай электраэнергіі, заявіў 16 студзеня ў Менску журналістам прэм`ер-міністр Беларусі Сяргей Румас паводле вынікаў сустрэчы з прэм`ер-міністрам Латвіі Крыш`янісам Карыньшам.

Адпаведны відэазапіс размешчаны на старонцы прэс-сакратара беларускага прэм`ера Аляксандры Ісаевай у „Фэйсбуку”. Карэспандэнта БелаПАН не акрэдытавалі на сустрэчу кіраўнікоў урадаў дзвюх краін.

„У прыватнасці, мы абмяркоўвалі пытанні энергетыкі. Дамовіліся, што нашы міністэрствы энергетыкі прапрацуюць пытанне прамой пастаўкі электраэнергіі ў Латвію, а не цераз сумежныя краіны”, — сказаў Румас.

На думку прэм`ер-міністра Беларусі, „вельмі вялікі патэнцыял для супрацоўніцтва ляжыць у сферы грузаперавозак. „Беларусь як краіна, якая не мае выхаду да мора, вельмі зацікаўленая ў патэнцыяле латвійскіх партоў для перавалкі самых разнастайных беларускіх грузаў. І мы таксама дамовіліся, што ў працы міжурадкамісіі, якую ўзначальваюць нашы міністры транспарту, гэтае пытанне будзе адным з асноўных”, — паведаміў кіраўнік беларускага ўрада.

На думку Румаса, „адносіны Беларусі і Латвіі развіваюцца дынамічна, вельмі добрае супрацоўніцтва на палітычным узроўні”. „Мы ўдзячныя Латвіі за тое, што яна аказвае дапамогу нам у выбудоўванні добрых, даверных адносін з Еўрасаюзам, у прыватнасці дапамагае добра выбудаваць інвестыцыйнае, крэдытнае супрацоўніцтва”, — падкрэсліў ён.

Паводле слоў прэм`ера, што да ўзаемнага тавараабароту — „ёсць чым пахваліцца, добрыя лічбы, але ў 2019 годзе мы крыху аселі”. „Абмеркаванне гэтых пытанняў сёння дае нам падставу для таго, каб быць упэўненымі, што ў 2020 годзе мы гэтыя лічбы перавысім”, — сказаў Румас.

На яго думку, паміж краінамі добрае інвестыцыйнае супрацоўніцтва, прыблізна 600 кампаній з латвійскім капіталам працуе ў Беларусі, больш за 800 кампаній з беларускім капіталам — у Латвіі. „У нас ёсць цэлы шэраг знакавых праектаў у сферы бізнесу, і мы іх таксама сёння абмяркоўвалі”, — паведаміў кіраўнік беларускага ўрада.

„Патэнцыял развіцця адносін з Латвіяй, напэўна, найбольшы сярод усіх нашых краін-суседзяў. І менавіта ад урадаў залежыць, наколькі мы здолеем яго сёння рэалізаваць”, — рэзюмаваў прэм`ер-міністр.

6 лістапада 2019 года латвійскі пасол Эйнарс Семаніс, адказваючы на пытанне журналістаў пра перспектывы гандлю электраэнергіяй пасля запуску Беларускай АЭС, паведаміў, што гэта залежыць ад спажыўцоў на электраэнергетычным рынку і пасрэднікаў, якія закупляюць электрычнасць. „Што да гандлю электрычнасцю, у нас у Латвіі рынкі адкрытыя, у нас свабодны гандаль, — падкрэсліў ён. — Уся гандаль адбываецца праз біржу. Перспектывы [паставак беларускай электраэнергіі] залежаць ад саміх спажыўцоў на рынку і пасрэднікаў, якія закупляюць. На гэты момант, наколькі мне вядома, ніякіх змен не плануецца”. Семаніс адзначыў, што электрасеткавая інфраструктура, якая звязвае Латвію з Беларуссю, ідзе цераз Літву, але „ёсць тэхнічныя злучэнні цераз расійска-латвійскую мяжу”.

Беларуская АЭС узводзіцца блізу Астраўца (Гродзенская вобласць) непадалёк ад мяжы з Літвой. Фізічны пуск першага энергаблока, паводле апошніх заяў чыноўнікаў, запланаваны на першы квартал 2020 года.

Самым актыўным крытыкам БелАЭС з`яўляецца Літва. У Вільнюсе перакананыя, што будаўніцтва станцыі вядзецца без выканання патрабаванняў бяспекі і экалагічных стандартаў. Беларусь гэтыя прэтэнзіі адхіляе. Раней парламент Літвы прыняў закон, закліканы абмежаваць імпарт электраэнергіі з Беларусі і Расіі. Літва таксама заклікала суседзяў з ЕС (Латвію, Эстонію, Польшчу і Фінляндыю) не купляць электраэнергію з атамных электрастанцый у Беларусі і Калінінградскай вобласці Расіі.

13 жніўня на сайце Міністэрства эканомікі Латвіі было апублікаванае паведамленне аб тым, што ўрад краіны прыняў рашэнне арганізаваць гандаль электрычнасцю з краінамі па-за Еўрасаюзам непасрэдна цераз латвійскую мяжу ў мэтах змякчэння рызык магчымага скарачэння патоку электраэнергіі або адмоўных ваганняў тарыфаў на гэты рэсурс. Гаворка ідзе пра гандаль з дапамогай расійскіх сетак, праз якія можа перадавацца ў тым ліку беларуская электраэнергія. Такім чынам Латвія вырашыла засцерагчы сябе ад магчымых наступстваў блакавання электрычнасці з Беларусі, якое сёння паступае ў краіны Балтыі выключна цераз Літву.

belapan.by

Фота БелТА