Беларусь працягнула дзеянне тарыфаў на транзіт нафты



Беларусь на нявызначаны тэрмін працягнула дзеянне тарыфаў на транзіт нафты па сваёй тэрыторыі. Інфармацыя пра гэта ўтрымліваецца ў пастанове Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю № 6, апублікаванай 21 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

нафта

Пастанова МАРГ № 6 ад 18 студзеня 2017 года ўносіць змяненне ў пастанову ведамства № 48 ад 30 снежня 2016 года. З ранейшага дакумента выключаны пункт аб тым, што новыя тарыфы будуць дзейнічаць па 31 сакавіка 2017 года.

Новая пастанова набывае моц 1 лютага 2017 года.

5 студзеня Беларусь павысіла тарыфы на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах, размешчаных на тэрыторыі краіны. Тарыфы на паслугі ААТ „Полацктранснафта Дружба” па транспарціроўцы (транзіце) нафты выраслі на 11,76%, на паслугі ААТ „Гомельтранснафта Дружба” — на 7,7%.

Раней Беларусь запытвала павышэнне тарыфаў на транспарціроўку нафты з Расеі для ААТ „Гомельтранснафта Дружба” на 20,5%. „Мы палічылі неабгрунтаваным іх павышэнне на 20,5%”, — заявіў у канцы снежня начальнік упраўлення паліўна-энергетычнага комплексу Федэральнай антыманапольнай службы Расеі Дзмітрый Махонін. У адпаведнасці з методыкай, паводле слоў Махоніна, тарыф будзе павышаны на „інфляцыя плюс 3%, то бок 7,7%”.

У сваю чаргу ААТ „Полацктранснафта Дружба” раней пагадзілася з прапановай расейскай „Транснефці” павялічыць тарыф на транспарціроўку нафты з РФ на 11,76% у 2017 годзе замест 20,5%.

Беларусь і Расея амаль год не могуць урэгуляваць нафтагазавую спрэчку — пытанні кошту расійскага газу і загрузкі сыравінай беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

На фоне нафтагазавай спрэчкі Беларусь збіралася павысіць тарыфы на транзіт расійскай нафты яшчэ ў кастрычніку 2016 года. Прычым разглядалася павышэнне тарыфаў у сярэднім на 50%, аднак гэтага не адбылося.

belapan.by