Беларусь працягвае перамовы з Казахстанам па нафце
Беларусь працягвае перамовы з Казахстанам пра пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў з гэтай краіны, паведамілі ў канцэрне «Белнафтахім».
Прадстаўнікі канцэрна нагадалі, што на мінулым тыдні беларуская дэлегацыя на чале з першым віцэ-прэм’ерам Дзмітрыем Крутым знаходзілася з візітам у Казахстане, дзе праводзіла перамовы па пастаўках вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь.
«Была праведзеная праца з Мінэнерга Казахстана, прайшлі сустрэчы з патэнцыйнымі пастаўшчыкамі. Цяпер пакуль працягваецца праца з кампаніямі і па абʼёмах, і па лагістыцы, і па ўсіх астатніх параметрах. Пагадненне патрабуе пэўны пакет адміністрацыйных працэдур у Казахстане. Перагаворныя працэсы працягваюцца», – паведаміў прэс-сакратар канцэрна Аляксандр Цішчанка.
Перад перамовамі прэс-служба беларускага ўрада са спасылкай на віцэ-прэмʼера Ігара Ляшэнку паведамляла, што міжурадавае пагадненне аб пастаўках казахстанскай нафты і нафтапрадуктаў знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці, засталіся ў асноўным адміністрацыйныя працэдуры.
«Цікавасць беларускага боку зразумелая – бяспошлінная пастаўка нафты. Гэта дазволіць максімальна наблізіць яе да кошту расейскай нафты», – заяўляў Ляшэнка. Дастаўка сыравіны, паводле яго слоў, хутчэй за ўсё, будзе ажыццяўляцца па нафтаправодзе.
Пры гэтым раней Аляксандр Лукашэнка неаднаразова публічна скардзіўся на тое, што Расея не дазваляе транспартаваць у Беларусь казахстанскую нафту праз сваю тэрыторыю. У Казахстане заяўлялі, што пытанне прапампоўкі нафты па нафтаправодзе «Дружба» павінна вырашацца паміж Беларуссю і Расеяй.
Беларусь вядзе перамовы з Казахстанам аб пастаўках нафты і нафтапрадуктаў з восені мінулага года. Гаворка ідзе пра закупку ад 1 да 3,5 млн тон нафты і нафтапрадуктаў за год. Казахстанская сыравіна разглядаецца як альтэрнатыва расейскай нафце.