Беларусь працягвае стрымліваць імпарт



Беларускія ўлады працягваюць стрымліваць імпарт адміністратыўнымі метадамі. Паводле звестак Белстата, у 2013 годзе большасць імпартных тавараў, якія ўлічваюцца афіцыйнай статыстыкай, павялічылі сваю долю на беларускім рынку. Так, доля айчынных тавараў у рознічным таваразвароце скарацілася за год з 73,9% да 71%.

Гэта сведчыць пра тое, што імпарт заваёўвае беларускі рынак. Беларускай уладзе нічога не застаецца, як дырэктыўным метадам забараняць імпарт асобных відаў тавараў. Кажа эканамічны аглядальнік Аляксандр Сінкевіч:

– Гэта праблема ўсіх усходнееўрапейскіх краін. Ні ў адной з гэтых краін няма станоўчага знешнегандлёвага сальда. Гэта выклікана адсутнасцю энергарэсурсаў. Таму спроба дзяржаўнага рэгулявання, скарачэння дырэктыўымі метадамі імпарту праз дзяржаўную манаполію – гэта адзінае магчымае выйсце для Беларусі на бліжэйшы тэрмін.

Сальда замежнага гандлю таварамі і паслугамі Беларусі за 2013 склалася адмоўнае ў памеры $ 1 млрд 723,8 млн. Праўда, у рэальнасці да гэтай сумы трэба дадаць сумы нафтавых мытаў, сплачаных у бюджэт Расеі.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота mfront.net