Беларусь просіць у Расеі крэдыт на 3 млрд. даляраў



Беларусь просіць у Расеі крэдыт на 3 млрд. даляраў, паведаміў журналістам міністр фінансаў РФ Антон Сілуянаў 9 ліпеня ва Уфе, дзе праходзяць саміты краін БРІКС і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС).

Аляксандр Лукашэнка

Просьба Беларусі будзе разгледжана з улікам выканання ўмоў праграм па папярэдніх крэдытах, дадаў Сілуянаў.

Апрача таго, паведаміў ён, на пасяджэнні 9 ліпеня ўрад РФ разгледзіць пытанне аб выдзяленні Беларусі другой часткі крэдыту, якая была ўхвалена раней, — 760 млн. даляраў. „Сёння будзе прынята, і мы ў ліпені гэтыя грошы ім аддадзім”, — цытуе кіраўніка Мінфіна расейскі Інтэрфакс.

Напярэдадні намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Старчак паведаміў, што ў чацвер урад разгледзіць заяўку Беларусі на крэдыт для рэфінансавання доўгу. „Пытанне вырашыцца, і яны свае грошы атрымаюць”, — запэўніў ён.

Нагадаем, 8 ліпеня ва Уфе прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным. Як паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, пытанне аб выдачы крэдыту Менску дэталёва не абмяркоўвалася. „Дэталёва — не. Скажам так: розныя аспекты ўзаемадзеяння ў фінансава-крэдытнай сферы закраналіся”, — сказаў Пяскоў.

Аб крэдытаванні Беларусі на агульную суму да 2 млрд. даляраў Пуцін і Лукашэнка дамовіліся 25 снежня 2013 года на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы. Наступным днём пасля перамоў прэзідэнтаў урад РФ ухваліў міжурадавае пагадненне аб выдзяленні Менску 450 млн. даляраў дзяржаўнага крэдыту пад 4% гадавых тэрмінам на 10 гадоў. Першая частка расейскага крэдыту паступіла ў Беларусь у канцы снежня.

27 сакавіка 2015 года Беларусь і Расея падпісалі яшчэ адно міжурадавае пагадненне — аб выдзяленні Беларусі дзяржаўнага фінансавага крэдыту ў расейскіх рублях на суму, эквівалентную 110 млн. даляраў ЗША, тэрмінам на 10 гадоў, уключаючы чатырохгадовы льготны перыяд. 30 красавіка ў адпаведнасці з гэтым пагадненнем Беларусь атрымала 6,2 млрд. расейскіх рублёў.

belapan.by