Беларусь прымае ўдзел у сусветным тыдні прадпрымальніцтва
Беларусь пяты раз прымае ўдзел у сусветным тыдні прадпрымальніцтва – адной з самых галоўных бізнес-падзей года. Цягам тыдня ў Менску адбудзецца шэраг мерапрыемстваў, якія даюць магчымасць абмеркаваць з прадстаўнікамі ўлады існуючыя перашкоды для вядзення бізнеса, паўдзельнічаць у круглых сталах і майстар-класах. Як зазначае каардынатар сусветнага тыдня прадпрымальніцтва Ганна Навіцкая, мерапрыемства павінна паспрыяць пошуку супольнага падыходу бізнеса і ўлады да выхаду з крызіснай сітуацыі:
– Змены, крызіс, рэформы – усё гэта лятае над намі, але ніхто не ведае, якія гэта рэформы і чаго нам чакаць. І мы спадзяёмся, што наш форум высветліць гэта, унясе больш канкрэтыкі. Бо маем няясную карціну таго, што ёсць і што будзе.
Сярод удзельнікаў сусветнага тыдня прадпрымальніцтва міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі, памочнік прэзідэнта па эканамічных пытаннях Кірыл Руды ды іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі і прадстаўнікі бізнес-колаў як з Беларусі, так і з краін блізкага і далёкага замежжа.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня