Беларусь прыпыніла экспарт нафтапрадуктаў у суседнія краіны



Беларусь з-за атрымання няякаснай расейскай нафты вымушаная прыпыніць пастаўкі нафтапрадуктаў на прэміяльныя рынкі, паведаміў 23 красавіка журналістам у Менску намеснік генеральнага дырэктара Беларускай нафтавай кампаніі Сяргей Грыб.

„На гэты момант часу кантрактныя абавязацельствы па ажыццяўленні паставак у краіны Балтыі, Украіну і Польшчу прыпыненыя”, — сказаў Грыб у кулуарах канферэнцыі, якую арганізаваў Нацыянальны цэнтр маркетынгу.

Ён адзначыў, што пералічаныя рынкі — прэміяльныя для Беларусі. „Асноўныя нафтапрадукты мы традыцыйна прадаем на прэміяльныя рынкі — ва Украіну, у краіны Балтыі і Польшчу. Цёмныя нафтапрадукты, якія не спажываюць на рынках сумежных краін, мы рэалізуем цераз парты Балтыйскага мора ў напрамку краін далёкай дугі”, — сказаў Грыб.

Паколькі, дадаў ён, якасць расейскай нафты, якая паступае ў Беларусь, за апошні тыдзень рэзка пагоршылася, краіна вымушаная была прыпыніць выкананне знешніх кантрактных абавязацельстваў і засяродзілася на забеспячэнні нафтапрадуктамі ўнутранага рынку.

„Выкананне знешніх кантрактных абавязацельстваў прыпыненае да вырашэння пытання з якасцю расейскай нафты. Мы зараз працуем над тым, каб да нас не было санкцый за невыкананне кантрактных абавязацельстваў”, — падкрэсліў Сяргей Грыб.

Ён таксама паведаміў, што беларускі бок цяпер ацэньвае шкоду, якая сфармавалася ў сувязі з атрыманнем з Расіі няякаснай вуглевадароднай сыравіны.

У мінулую пятніцу, 19 красавіка, кіраўніцтва канцэрна „Белнафтахім” паведаміла, што ўжо некалькі дзён па нафтаправодзе „Дружба” з Расеі паступае няякасная нафта. У панядзелак, 22 красавіка, стала вядома, што з-за няякаснай расейскай нафты на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе выйшла са строю дарагое абсталяванне.

Намеснік прэм’ер-міністра Ігар Ляшэнка 21 красавіка падчас пасяджэння аператыўнага штаба ў ААТ „Нафтан” (Наваполацк) заявіў, што Беларусь на час правядзення пасяўной кампаніі ўводзіць абмежаванні на экспарт светлых нафтапрадуктаў. У каментары тэлеканалу ОНТ ён паведаміў, што пасля пастаўкі партыі няякаснай нафты з Расеі для Беларусі на першае месца выходзіць унутраны рынак. Абмежаванні ўводзяцца на пастаўку светлых нафтапрадуктаў „па ўсіх экспартных напрамках”.

Паводле слоў Ляшэнкі, 23 красавіка ў Расею адправіцца дэлегацыя „Белнафтахіма”, у складзе якой дырэктары нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, для перамоў з прадстаўнікамі „Транснефці”. „Мы спадзяемся і не сумняваемся ў прафесіяналізме расейскай кампаніі. Я размаўляў з кіраўніцтвам „Транснефці”, яны запэўнілі мяне, што робяць усе неабходныя дзеянні па адпампоўванні нафты з павышаным утрыманнем хларыду і падмешванні больш якасных вуглевадародаў”, — сказаў чыноўнік.

Расейскія пастаўшчыкі нафты, адзначыў ён, паабяцалі, што найбліжэйшым часам сітуацыя стабілізуецца. Віцэ-прэм’ер дадаў, што Беларусь у сувязі з гэтай сітуацыяй нясе як „эканамічныя, так і тэхнічныя выдаткі”.

БелаПАН