Беларусь прыпыніла прыём расейскай нафты



 Беларусь прыпыніла прыём расейскай нафты ў сувязі з выкананнем усіх маршрутных даручэнняў па месяцы, паведамляе ААТ „Гомельтранснафта Дружба”.

„Заяўленыя аб’ёмы транспартавання на красавік проста скончыліся. Гэта нармальны тэхналагічны працэс”, — растлумачыў БелаПАН галоўны інжынер прадпрыемства Андрэй Вярыга.

Паводле яго слоў, транспартаванне плануецца аднавіць, калі чыстая нафта з Расіі падыдзе да беларускай мяжы. Яна чакаецца ў канцы дня 2 мая. Да гэтага часу брудная нафта з расійскай тэрыторыі павінна быць выцесненая на расейскую лінейную вытворча-дыспетчарскую станцыю „Унеча”.

Прынятыя меры дазволяць аднавіць працу толькі адной ніткі трубаправода „Дружба”. Другі трубаправод на няпэўны час застанецца закрытым і стане свайго роду сховішчам для некандыцыйнай нафты, адзначаецца ў паведамленні на сайце прадпрыемства „Гомельтранснафта Дружба”.

Згодна з папярэдняй ацэнкай, у трубаправодах Расеі, Беларусі, Украіны і Польшчы знаходзіцца прыкладна 5 млн тон нафты, якая не адпавядае параметрам якасці. „На беларускую долю прыпадае прыблізна мільён тон. Гэтая нафта будзе часова захаваная ў трубах. Каб ёю карыстацца, трэба разводзіць адзін да дваццаці. Зараз няма столькі чыстай нафты. Пакуль пойдзе ідэальна чысты струмень, пройдуць месяцы, а магчыма, і больш”, — сказаў Вярыга.

Пра тое, што з сярэдзіны красавіка па нафтаправодзе „Дружба” паступае няякасная нафта, канцэрн „Белнафтахім” паведаміў 19 красавіка. 22 красавіка стала вядома, што з-за няякаснай расійскай нафты на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне.

23 красавіка намеснік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі Сяргей Грыб паведаміў, што Беларусь прыпыніла пастаўкі нафтапрадуктаў ва Украіну, Польшчу і краіны Балтыі. У Беларусі папярэдне ацанілі страты ў выглядзе недаатрыманай выручкі ад рэалізацыі нафтапрадуктаў у 100 млн долараў.

25 красавіка пастаўкі светлых нафтапрадуктаў ва Украіну і Польшчу былі часткова адноўленыя. Між тым транзіт расійскай нафты ў Еўропу па нафтаправодзе „Дружба” спынены цалкам.

Паводле вынікаў чатырохбаковых перамоў, якія прайшлі ў Мінску 26 красавіка з удзелам прадстаўнікоў Беларусі, Расеі, Украіны і Польшчы, старшыня „Белнафтахіма” Андрэй Рыбакоў паведаміў журналістам, што канцэрн разлічвае аднавіць выпрацоўку нафтапрадуктаў у поўным аб’ёме і пастаўку на экспарт у маі.

„Калі казаць пра задаволенасць у поўным аб’ёме, то яна наступіць тады, калі сітуацыя будзе нармалізаваная па ўсіх напрамках, ад нафтаперапрацоўкі да транзіту, і, безумоўна, будуць выпрацаваныя ўсе кампенсацыйныя механізмы, каб увайсці ў нармальныя эканамічныя параметры як на ўзроўні нашых суб’ектаў гаспадарання, так і на ўзроўні краін”, — сказаў Рыбакоў.

Тым часам у Расеі адкрытая крымінальная справа аб наўмысным забруджванні нафты ў нафтаправодзе „Дружба”. Падчас размовы на гэтую тэму з Аляксандрам Лукашэнкам прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін паабяцаў правесці расследаванне з прыцягненнем спецслужбаў.

belapan.by