Беларусь прыцягвае кітайскі крэдыт на паўмільярда долараў у эквіваленце
Улады Беларусі прыцягваюць крэдыт Шанхайскага філіяла Банка развіцця Кітая на суму 3,5 млрд юаняў, што складае больш за 500 млн долараў у эквіваленце. Праект пагаднення „аб выдзяленні тэрміновага крэдыту” на ўказаную суму Аляксандр Лукашэнка ўхваліў указам № 455 ад 13 снежня.
Згодна з дакументам, крэдыт прыцягваецца „у мэтах пагашэння і абслугоўвання дзяржаўнага доўгу, падтрымання золатавалютных рэзерваў Рэспублікі Беларусь, а таксама садзейнічання развіццю двухбаковага гандлю паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай”.
Міністэрства фінансаў упаўнаважана на правядзенне перагавораў па праекту пагаднення і яго падпісанне пры дасягненні дамоўленасці.
Устаноўлена таксама, што сродкі знешняй пазыкі залічваюцца на банкаўскі рахунак, які адкрываецца Нацыянальным банкам у Шанхайскім філіяле Банка развіцця Кітая.
Першапачаткова Беларусь разлічвала прыцягнуць у 2019 годзе расейскі крэдыт на 600 млн долараў для рэфінансавання бягучых плацяжоў па дзярждоўгу. Аднак да цяперашняга часу Расея не ўхваліла выдзяленне гэтых сродкаў, таму беларускія ўлады спрабуюць прыцягнуць нерасейскае фінансаванне.
Першы намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў, адказваючы на пытанні дэпутатаў 19 лістапада ў парламенце, заявіў, што крэдыт Банка развіцця Кітая дасць магчымасць замясціць расейскі крэдыт, які Беларусь не змагла атрымаць у 2019 годзе.
„Аб’ём сродкаў, які мы плануем прыцягнуць з Кітая, прыкладна эквівалентны сродкам, якія мы планавалі прыцягнуць з Расеі”, — растлумачыў ён.
Паводле слоў Селіверстава, атрыманне крэдыту кітайскага банка дазволіць выканаць дзяржаве даўгавыя абавязацельствы ў гэтым годзе. „Улічваючы тое, што мы вядзём палітыку па дыверсіфікацыі запазычанняў, улічваючы, што ў нас ёсць абавязацельствы перад нашымі кітайскімі партнёрамі, прыцягненне сродкаў Банка развіцця Кітая ў цэлым акажа спрыяльны ўплыў на бюджэт”, — сказаў ён.
Першы намеснік міністра адзначыў, што Мінфін чакае атрымання кітайскага крэдыту да канца года.
У 2020 годзе Беларусь павінна накіраваць на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу 2,9 млрд рублёў і 6 млрд рублёў — на пагашэнне асноўнага доўгу. Пры гэтым на 75% плацяжы па пагашэнні дзярждоўгу плануецца рэфінансаваць.