Беларусь разглядае магчымасць нарошчвання экспарту праз эстонскі порт Сіламяэ



Беларусь разглядае магчымасць нарошчвання экспарту праз порт Сіламяэ (Эстонія). Пра гэта ішла гаворка падчас сустрэчы на гэтым тыдні пасла Беларусі ў Эстоніі Вячаслава Качанава са старшынёй савета дырэктараў АТ „Порт Сіламяэ” Тыйтам Вяхі і прадстаўнікамі кіраўніцтва эстонскага порта.

Як паведамляе пасольства Беларусі ў Эстоніі, бакі абмеркавалі перспектывы нарошчвання беларускага экспарту праз порт Сіламяэ, а таксама пытанні падключэння эстонскага бізнесу да рэалізацыі беларуска-кітайскіх праектаў, у тым ліку на базе размешчанага пад Менскам індустрыяльнага парку „Вялікі камень”.

Варта адзначыць, што ў апошнія месяцы на фоне ініцыятыў Літвы ў дачыненні да Беларускай АЭС на ўзроўні кіраўніцтва Беларусі стала абмяркоўвацца тэма магчымага перанакіравання беларускіх грузаў з Клайпедскага порта ў парты іншых дзяржаў.

Порт Сіламяэ з’яўляецца самым блізкім портам Еўразвяза да Расеі. Гэта самы ўсходні глыбакаводны порт ЕЗ, здольны прымаць любыя самыя буйныя судны, якія заходзяць у Балтыйскае мора праз дацкія пралівы.

„Размяшчэнне порта на тэрыторыі Эстоніі за 25 км ад мяжы ЕЗ і Расеі стварае ўсе неабходныя перадумовы для яго эфектыўнага выкарыстання ў якасці дыстрыбуцыйнага цэнтра для перавалкі грузаў і самых розных тавараў у напрамку Еўропы, ЗША, Расеі, Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП), іншых краін СНД, Паўднёва-Усходняй Азіі і ва ўсе іншыя краіны свету”, — гаворыцца на сайце порта.

У 2014 годзе ў Сіламяэ адкрылі чатыры новыя прычалы агульнай даўжынёй 850 метраў для апрацоўкі кантэйнерных і генеральных грузаў. У перспектыве — пашырэнне порта шляхам будаўніцтва новых прычалаў, давядзенне чыгуначных пад’язных шляхоў да прычалаў, а таксама будаўніцтва новых складоў з нарошчваннем патэнцыялу і дыверсіфікацыі парку пагрузачнай тэхнікі.

belapan.by