Беларусь разлічвае атрымаць 1,7 млрд рублёў зваротнага акцыза на нафту
У 2023 годзе Беларусь працягне плаціць па замежным абавязкам у рублях «недружалюбным» краінам і разлічвае атрымаць ад Расеі 1,7 млрд беларускіх рублёў зваротнага акцызу на нафту. Аб гэтым заявіў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў, паведамляе БелТА.
«Што да выплат па вонкавым абавязкам у наступным годзе, то для нашых недружалюбных калегаў захаваецца той часовы парадак, які існуе сёння. Пакуль з Нацыянальнага банка санкцыі не здымуць, магчымасці аплаты абмежаваныя, таму гэта не па нашай лініі. Што датычыцца нашых расейскіх і кітайскіх калег, то мы з імі працуем. Думаем, што часткова рэфінансуем пазыку на расейскім рынку. Часткова пытанні плацяжоў па абавязку вырашаныя з РФ у бягучым годзе, частка сродкаў перанесена на пазнейшыя тэрміны», – заявіў Селіверстаў.
Міністр фінансаў таксама расказаў, колькі Менск збіраецца атрымліваць зваротнага акцыза на нафту пасля падпісання паміж Беларуссю і Расеяй дагавора аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках.
«Мы ў рамках гарманізацыі падатковага заканадаўства будзем атрымліваць, як і ў Расеі, адваротны акцыз на нафту. Гэта нам дасць дадатковыя недаўгавыя крыніцы для бюджэту ўжо з 1 студзеня. Зваротны акцыз будзе прыходзіць недзе на суму 1,7 млрд беларускіх рублёў», – заявіў кіраўнік Мінфіна.