Беларусь разлічвае на дапамогу Еўразвязу ў змаганні з каронавірусам
Міністэрства фінансаў Беларусі пачало „прапрацоўку пытання аб прыцягненні макрафінансавай дапамогі з боку Еўрапейскага звязу”, паведамляе прэс-служба фінансавага ведамства. Трэцяга красавіка адбыліся перамовы міністра фінансаў Максіма Ермаловіча з еўракамісарам па пытаннях еўрапейскай палітыкі суседства і пашырэння перамоў Оліверам Вархелі.
„Бакі абмеркавалі падыходы ЕЗ у аказанні дапамогі краінам Усходняга партнёрства ў мэтах змякчэння ўздзеяння наступстваў пандэміі COVID-19 на эканоміку Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні. Паводле інфармацыі Мінфіна, абмеркаваная таксама магчымасць выдзялення Еўрапейскім звязам Беларусі макрафінансавай дапамогі ў дадатак да крэдытных рэсурсаў Міжнароднага валютнага фонду, якія могуць быць дадзеныя ў межах „інструментаў хуткага фінансавання”.
Беларускае Радыё Рацыя