Беларусь разлічвае пачаць новую праграму з МВФ у студзені-лютым
Беларусь разлічвае пачаць новую праграму з Міжнародным валютным фондам у студзені-лютым. Пра гэта далажыў кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку першы намеснік прэм’ер-міністра Васіль Мацюшэўскі.
„Спадзяёмся, што ў бліжэйшы час увойдзем у праграму з фондам – у студзені-пачатку лютага”, – адзначыў у гутарцы з журналістамі першы віцэ-прэм’ер.
Васіль Мацюшэўскі нагадаў, што нядаўна ў Беларусі працавала чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду. Падрыхтавана бачанне новай праграмы пашыранага фінансавання, заставалася адно прынцыповае пытанне – тарыфаў ЖКГ. Цяпер работа па ім практычна завершана. „Ёсць бачанне па гэтым напрамку, уключаючы шэраг кампенсацыйных дзеянняў для асобных катэгорый грамадзян”, – праінфармаваў першы віцэ-прэм’ер.