Беларусь разлічвае пачаць закупку альтэрнатыўнай нафты ўжо сёлета



Беларусь разлічвае пачаць закупку альтэрнатыўнай (нерасейскай) нафты ў 2019 годзе. Пра гэта паведаміў журналістам намеснік генеральнага дырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб, адказваючы на пытанне БелаПАН у кулуарах канферэнцыі, арганізаванай у Менску 23 красавіка Нацыянальным цэнтрам маркетынгу.

„Мы зараз прапрацоўваем пытанне атрымання альтэрнатыўнай (нерасейскай) нафты не толькі цераз прыбалтыйскія, але і цераз украінскія парты. У тым ліку разглядаецца варыянт паставак праз трубаправод „Адэса — Броды”, — сказаў Грыб.

На яго думку, лагістыка паставак нерасейскай нафты праз нафтаправод „Адэса — Броды” можа быць цікавая Беларусі. „Мы разлічваем у 2019 годзе пачаць пастаўкі альтэрнатыўнай нафты. На сусветным рынку 18 гатункаў нафты, якія могуць перапрацоўваць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы”, — сказаў намеснік гендырэктара БНК.

Паводле яго слоў, мэтазгоднасць паставак альтэрнатыўнай нафты будзе залежаць ад цаны сыравіны, лагістыкі і, у канчатковым рахунку, эфектыўнасці нафтаперапрацоўкі.

„Перамовамі па пытанні паставак альтэрнатыўнай нафты займаемся мы”, — паведаміў Грыб. Тэарэтычна беларускія НПЗ могуць перапрацоўваць і азербайджанскую, і саудаўскую, і нігерыйскую нафту, удакладніў ён.

Пры гэтым прадстаўнік БНК пацвердзіў, што краіны Балтыі і Украіна зацікаўленыя даць Беларусі інфраструктуру на прэферэнцыйных умовах для імпарту нерасейскай нафты.

belapan.by