Беларусь разлічвае падпісаць пагадненні з Кітаем па 160 праектах



Беларусь разлічвае падпісаць пагадненні з Кітаем па 160 праектах на лістападаўскай выстаўцы ў Шанхаі, паведаміў у эфіры тэлеканала „Беларусь 1” міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі.

„Мы атрымалі гэтымі днямі адказ Міністэрства камерцыі Кітайскай Народнай Рэспублікі па 160 праектах, пагадненні па якіх мы падпішам на Шанхайскай выстаўцы ў лістападзе. Патэнцыяльна гэтыя 160 праектаў могуць быць інвесціраваны кітайскім бокам і развівацца ў нашай краіне”, – сказаў міністр.

Як адзначыў Уладзімір Зіноўскі, размова ідзе не толькі аб фінансавых укладаннях у Кітайска-беларускі індустрыяльны парк, але і аб рэалізацыі інвестыцыйных прапаноў у рэгіёнах. „Ёсць усе шанцы для таго, каб развівацца не за кошт крэдытных рэсурсаў, а за кошт інвестыцый Кітайскай Народнай Рэспублікі”, – дадаў ён.

Цяпер Міністэрства эканомікі рыхтуе план індустрыялізацыі, які будзе ўключаць 1,7 тыс. інвестпраектаў – прапановы райвыканкамаў, аблвыканкамаў, міністэрстваў. „Самае галоўнае – знаходзіць інвестыцыі ў гэтыя прадпрыемствы”, – падкрэсліў міністр. Рэалізацыя праектаў дасць магчымасць развіваць у Беларусі такія сферы, як ІТ-тэхналогіі, робататэхніка, біятэхналогіі, медыцына. „Ёсць шэраг новых напрамкаў, дзе мы маглі б пашырыць свой удзел, уключаючы малы бізнес”, – адзначыў Уладзімір Зіноўскі.

Як паведамлялася, першая кітайская Міжнародная выстаўка імпартных тавараў і паслуг China International Import Expo („Імпарт ЭКСПА”) пройдзе 5-10 лістапада 2018 года ў Шанхаі і стане маштабным мерапрыемствам, у якім змогуць прыняць удзел усе краіны свету. Агульная плошча выстаўкі – каля 240 тыс. кв.м, з іх 30 тыс. кв.м выдзелена пад нацыяльныя павільёны. Арганізатарамі выступаюць Міністэрства камерцыі КНР і Народны ўрад Шанхая пры падтрымцы Сусветнай гандлёвай арганізацыі і Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці.

belta.by