Беларусь разлічвае прыцягнуць да 2,5 млрд даляраў запазычанняў



Беларусь накіравала заяўкі на прыцягненне знешніх запазычанняў на 2—2,5 млрд даляраў, паведаміў першы віцэ-прэм’ер Дзмітрый Крутой 26 красавіка ў праграме „Галоўны эфір” на тэлеканале „Беларусь 1”.

„Сусветны банк, МВФ, Банк развіцця Кітая, Еўрапейскі інвестыцыйны банк — практычна ўсе з іх ужо атрымалі нашы заяўкі”, — сказаў Крутой.

Паводле яго слоў, „цяпер ідзе штотыднёвая праца, каб пастарацца атрымаць рэсурсы, разгрузіць бюджэт, падтрымаць устойлівасць нашага дзяржаўнага доўгу і магчымасці яго рэфінансавання ў тым аб’ёме, як мы планавалі ў пачатку года”. Ніхто з тых, да каго звярнуліся, не адмовіў, падкрэсліў чыноўнік.

Перамовы з МВФ у рамках квоты Беларусі ідуць аб прыцягненні прыкладна 900 млн даляраў, з Сусветным банкам — 300 млн даляраў, Еўрапейскім інвестыцыйным банкам — таксама прыкладна 300 млн даляраў. „Сумарна дзесьці 2—2,5 млрд  даляраў мы зможам прыцягнуць ад знешніх крэдытораў. Гэта будзе вельмі добрая лічба”, — лічыць першы віцэ-прэм’ер.

Ён таксама ўдакладніў кошт праграмы падтрымкі беларускай эканомікі. „Увесь пакет падтрымкі, і прамой, і ўскоснай, каштуе прыкладна 5—6 млрд рублёў. На сённяшні дзень гэта 3—4% ад гадавога аб’ёму ВУП. Я лічу, гэта прымальная лічба”, — заявіў Круты.

„Далей, па меры развіцця сітуацыі (на жаль, штотыдзень паступае новая інфармацыя), трэба будзе займацца наяўнай тактычнай аператыўнай сітуацыяй з канкрэтнымі пазычальнікамі, і гэтая сума можа павялічыцца”, — мяркуе першы намеснік прэм’ер-міністра.

belapan.by