Беларусь рэзка скараціла імпарт нафтапрадуктаў з Расеі
У першым паўгоддзі Беларусь штомесяц увозіла каля 300—400 тыс. тон нафтапрадуктаў з Расеі, а ў ліпені аб’ём імпарту расейскіх нафтапрадуктаў аказаўся найменшым у гэтым годзе, сведчаць афіцыйныя статдадзеныя.
У студзені-ліпені Беларусь імпартавала з Расеі 2,35 млн тон нафтапрадуктаў на 912,2 млн даляраў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ў фізічным выражэнні імпарт нафтапрадуктаў з РФ вырас на 36,8%, у грашовым — на 43,7%.
Разам з тым у ліпені Беларусь атрымала нафтапрадуктаў нашмат менш, чым у папярэднія месяцы. Згодна са статыстычнымі дадзенымі, у студзені краіна імпартавала з Расеі 350,5 тыс. тон нафтапрадуктаў, у лютым — 318,8 тыс. тон, у сакавіку — 389,3 тыс., у красавіку — 396,9 тыс., у маі — 365,8 тыс., у чэрвені — 290,6 тыс., у ліпені — 237 тыс. тон.
Такім чынам, у ліпені Беларусь у параўнанні з чэрвенем атрымала на 18,4% менш расейскіх нафтапрадуктаў, а ў параўнанні з траўнем іх аб’ём скараціўся на 35,1%.
Урады дзвюх краін вядуць перамовы аб умовах гандлю нафтай і нафтапрадуктамі.
Паводле інфармацыі БелаПАН, якая пацверджана дакументальна, па ініцыятыве расейскага боку ўжо падрыхтавана рашэнне аб тым, што з чацвёртага квартала 2018 года РФ абмяжоўвае пастаўкі нафтапрадуктаў і гатовая пастаўляць іх выключна для задавальнення ўнутраных патрэбаў Беларусі.
Акрамя таго, праект міждзяржаўнага рашэння прадугледжвае, што па патрабаванні расейскіх уладаў беларускія прадпрыемствы і дзяржаўныя органы павінны будуць абгрунтоўваць гэтыя ўнутраныя патрэбы.
Як паведамляла ў жніўні агенцтва Reuters са спасылкай на дакументальныя крыніцы, Расея плануе абмежаваць пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь у сувязі з тым, што падазрае яе ў рээкспарце.
Кіраўнік Міністэрства энергетыкі Расеі Аляксандр Новак заявіў 3 верасня, што пастаўкі расейскіх нафтапрадуктаў у Беларусь эканамічна немэтазгодныя. У сваю чаргу віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Ляшэнка, каментуючы заяву расейскага міністра, падкрэсліў, што беларускі бок настойвае на захаванні паставак расейскіх нафтапрадуктаў у Беларусь.
Чакаецца, што пытанне паставак расейскіх нафтапрадуктаў у Беларусь будзе узнята на запланаваных на 21 верасня перамовах з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.
belapan.by