Беларусь шукае новых пакупнікоў драўніны на Усходзе



Беларусь разлічвае вярнуць дасанкцыйны ўзровень экспарту піламатэрыялаў, нарасціўшы пастаўкі на рынкі Кітая, Азербайджана, Ірана, Узбекістана.

Міністр лясной гаспадаркі Беларусі Аляксандр Кулік заявіў, што пасля ўвядзення санкцый Еўразвяза аб’ёмы паставак беларускай драўніны за мяжу знізіліся. Таму экспарт зараз пераарыентуецца. У ліпені тавар адгружалі ў Кітай, Азербайджан, Іран, Узбекістан.

„У гэтым месяцы нашыя партнёры пацвердзілі новыя заяўкі. Мы ўпэўненыя, што калі далей пойдзе так праца, у верасні-кастрычніку мы выйдзем на той узровень, які быў да санкцый, – 60 тыс. кубаметраў штомесяц”, – сказаў Аляксандр Кулік.

Праблемным застаецца пытанне экспарту пелетаў, якія раней пастаўляліся пераважна ў ЕЗ. Для прадукцыі 28 пелетных вытворчасцяў – а ў лістападзе чакаецца каля 1,5 млн тон – неабходны новыя рынкі.

officelife.media