Беларусь шукае новыя рынкі збыту, але і так завязана на Расеі
Намеснік міністра замежных спраў Ігар Назарук выказаўся наконт перашкод, якія стварылі беларускай эканоміцы еўрапейскія санкцыі. Прадстаўнік МЗС заявіў, што Беларусь “не будзе біцца галавой аб бетонную сцяну, якую ёй узвялі на шляху яе тавараў”, прыводзіць яго словы БелТА.
Гэта, у прыватнасці, датычыцца прадукцыі дрэва– і металаапрацоўкі. “Мы знойдзем рынкі збыту ў новых краінах — так званай далёкай дугі. Гэтая прадукцыя там добра вядомая. Так, на нейкім этапе будуць дадатковыя выдаткі на транспарт, засваенне рынку, але далей пойдзе нармальная і планамерная праца”, — запэўніў Назарук у кулуарах семінара для беларускіх прадпрыемстваў.
Як заўважае nashaniva.com, апошнія гады беларускі экспарт усё больш завязаны на Расеі. Так, у 2020 годзе доля Расеі ў знешнім гандлі Беларусі складала 47,9%, па выніках 2021 года яна вырасла да 49%. Цягам апошняга года ўжо каля 60-65% прыпадае на долю Расейскай Федэрацыі.
Зноў прадаюць 300-гадовы былы манастыр — за 37 рублёў
На аўкцыён выставілі былы жылы корпус кляштара кармелітаў у Глыбокім 1735 года. На лот звярнуў увагу “Анлайнер”.
Будынак двухпавярховы, цагляны, плошчай 1280 квадратных метраў, цяпер закансерваваны. Гэта гісторыка-культурная каштоўнасць, таму прадаўцу трэба будзе заключыць ахоўнае абавязацельства. Не пазней чым праз 12 месяцаў з дня заключэння дагавора новы ўладальнік павінен звярнуцца ў Мінкульт па дазвол на рамонтна-рэстаўрацыйныя работы.
Раней паведамлялася, што манастырскі корпус можна будзе выкарыстоўваць пад прадпрымальніцкую дзейнасць, у тым ліку пад паслугі ў сферы агратурызму або рамесніцтва. Чарговы аўкцыён пройдзе 30 лістапада.
Інвестары ўклалі ў пагодны стартап беларусаў больш $1,5 млн
Стартап Юрыя Мельнічкі і Аляксандра Мацвеенкі Rainbow Weather раскрыў суму сукупных інвестыцый у праект. Яна перавысіла $1,5 млн, піша dev.by.
Стартап з’явіўся два гады таму. Ён спецыялізуецца на дакладным прагнозе надвор’я, які выводзяць на аснове дадзеных радараў з выкарыстаннем машыннага навучання. У яго ўжо ўклаліся фаўндэры, прыватныя інвестары, а таксама венчурныя кампаніі. У дадатак польская юрыдычная асоба праекту Railbow Meteo Technologies атрымала фінансавую падтрымку ад Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця. Цяпер праект рыхтуецца да чарговага раунду інвестыцый.
Беларускі аўтарынак у кастрычніку вырас на 478,7%
Продажы новых легкавых аўтамабіляў у Беларусі афіцыйнымі дылерамі выраслі ў кастрычніку на 478,7 працэнта да 2360 адзінак. Пра гэта паведамілі ў Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, піша reform.by.
Лідарам рынку ў кастрычніку засталася марка Geely, на долю якой прыйшлося 67,8% продажаў, або 1600 аўтамабіляў. “За 10 месяцаў бягучага года мы назіраем устойлівую тэндэнцыю росту рынку продажаў новых аўтамабіляў, што паказвае на яго высокі патэнцыял і паступовае аднаўленне. Пры захаванні такой тэндэнцыі і далейшым прыходзе новых брэндаў мы прагназуем, што рынак нашай краіны ў гэтым годзе можа дасягнуць 25 000 аўто”, – адзначыў член праўлення БАА Андрэй Ткачоў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: turbotehsnab.ru