Беларусь шукае ўзаемавыгадныя варыянты супрацоўніцтва з лаўкостарамі



Замежныя кампаніі, якія займаюцца бюджэтнымі авіяперавозкамі, праяўляюць цікавасць да Беларусі, заявіў намеснік прэм`ер-міністра Уладзімір Кухараў у інтэрв`ю ўрадавай газеце „Рэспубліка”. Тэкст інтэрв`ю апублікаваны 10 верасня.

Паводле слоў Кухарава, урад працуе над прыцягненнем у краіну лаўкостараў. „Ёсць зацікаўленасць замежных кампаній. Безумоўна, ёсць і пытанні, бо гэтыя кампаніі хочуць атрымліваць пэўныя прэферэнцыі. Шукаем узаемавыгадныя варыянты супрацоўніцтва”, — сказаў ён.

Гаворачы аб развіцці паветранага транспарту ў цэлым, Кухараў падкрэсліў, што ў Беларусі „пастаянна прырастае авіяпарк”. „Працуем па рэгіянальных аэрапортах і бачым у гэтым сур`ёзны рэзерв. Задача — прыцягваць туды авіятранспарт, у тым ліку і замежны. Сёлета з улікам адпускнога перыяду пайшлі на актывізацыю сістэмы чартарных рэйсаў з абласных цэнтраў. У прыватнасці, з Гомеля і Магілёва, Берасця і Гародні. І гэтая сістэма сябе станоўча зарэкамендавала”, — канстатаваў віцэ-прэм`ер.

Нагадаем, магчымасці прыходу нідэрландскіх лаўкост-авіякампаній у Гародню абмяркоўваліся 16 мая на сустрэчы кіраўніцтва Гарадзенскага аблвыканкама з часовым павераным у справах Каралеўства Нідэрландаў у Беларусі Паўлам ван Ааствейнам.

Акрамя таго, 30 ліпеня ў дэпартаменце па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый БелаПАН паведамілі, што Венгерская авіяцыйная адміністрацыя накіравала на адрас дэпартамента праект мемарандума аб узаемаразуменні па прызначэнні з сезона вясна—лета-2020 на лінію Будапешт — Менск венгерскага перавозчыка Wizz Air.

БелаПАН