Беларусь скараціла экспарт нафтапрадуктаў на 11%



Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у першым квартале 2019 года склаў 3 млн тон і ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года зменшыўся на 11,1% у фізічным выражэнні.

Як сведчаць афіцыйныя статыстычныя звесткі, у вартасным выражэнні экспарт беларускіх нафтапрадуктаў зменшыўся на 241,7 млн даляраў.

Каментуючы ў красавіку на просьбу журналістаў прычыны скарачэння экспарту нафтапрадуктаў, намеснік генеральнага дырэктара Беларускай нафтавай кампаніі Сяргей Грыб растлумачыў, што гэта адбылося з-за дзеянняў Расеі.

„Падзенне экспарту нафтапрадуктаў у пачатку года адбылося з-за павелічэння паставак на ўнутраны рынак”, — сказаў ён. Грыб звярнуў увагу, што дамоўленасці паміж урадамі Беларусі і Расеі, дасягнутыя восенню 2018 года, прывялі практычна да абнулення імпарту расейскіх нафтапрадуктаў. „Пастаўкі з Расеі ў Беларусь маюць нулявы баланс, і з-за гэтай прычыны беларускі бок забяспечвае патрэбу ўнутранага рынку (у тым ліку АЗС) у светлых нафтапрадуктах”, — заявіў Грыб.

Адпаведна, рэзюмаваў ён, у пачатку года экспарт беларускіх светлых нафтапрадуктаў зменшыўся.

У 2018 годзе расейскія ўлады папракалі Беларусь у рээкспарце нафтавай прадукцыі (пад выглядам нафтахімічнай), і з другога паўгоддзя пастаўкі расейскіх нафтапрадуктаў у Беларусь сталі зніжацца.

Згодна з міжурадавымі дамоўленасцямі, з 1 лістапада 2018 года Расея пастаўляе Беларусі толькі тыя нафтапрадукты, якія не вырабляюцца ў краіне. У першым квартале Беларусь імпартавала з РФ 22 тыс. тон нафтапрадуктаў, што амаль у 50 разоў менш у параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года.

belapan.by