Беларусь скараціла экспарт цукру ў 2019 годзе больш чым на траціну
Беларусь не знізіла вытворчасць цукру ў 2019 годзе, але пры гэтым рэзка скараціла яго экспарт, сведчаць афіцыйныя статыстычныя дадзеныя.
У мінулым годзе пастаўкі беларускага цукру на знешнія рынкі склалі 277,9 тыс. тон, што на 34,9% менш у параўнанні з узроўнем 2018 года. У грашовым выражэнні экспарт цукру склаў 109,7 млн долараў і знізіўся на 39,8%.
Пры гэтым на расійскі рынак у мінулым годзе пастаўлена 202,6 тыс. тон беларускага цукру, што на 26,3% менш у параўнанні з узроўнем 2018 года. У грашовым выражэнні экспарт цукру ў Расію склаў 80,6 млн долараў, што на 32,2% менш у параўнанні з 2018 годам.
Варта зазначыць, што нягледзячы на значнае скарачэнне экспарту, беларускія вытворцы ў мінулым годзе не скарацілі выпуск цукру. За 2019-ты прадпрыемствы вырабілі яго ў аб’ёме 639,4 тыс. тон, што на 0,2% больш у параўнанні з узроўнем 2018 года.
Аляксандр Лукашэнка, наведваючы ў мінулым годзе Смалявіцкі раён Мінскай вобласці, патрабаваў больш актыўна весці работу па пошуку новых рынкаў збыту айчыннага цукру.
„Думайце, дзе вы будзеце прадаваць цукар, — заяўляў Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніцтва Мінсельгасхарча і старшыні Мінскага аблвыканкама. — Зніжаць вытворчасць ні ў якім разе нельга. Пажадана захаваць узровень даходнасці хаця б мінулага года”.
Між тым афіцыйныя дакументы сведчаць, што фінансавае становішча беларускіх цукровых заводаў у 2019 годзе значна пагоршылася.
У абгрунтаванні да праекта ўказа аб забароне бонусаў за прасоўванне сацыяльна значных тавараў, якое нядаўна апублікаваў МАРГ, гаворыцца, што выручка ад рэалізацыі цукру знізілася амаль на траціну (у кастрычніку 2019 года ў параўнанні з аналагічным месяцам 2018-га), а аб’ём рэалізацыі паменшыўся на 37,6%.
У сувязі з гэтым Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прыйшло да высновы, што зборы гандлёвых арганізацый з цукравытворцаў за прасоўванне цукру не далі чаканага эфекту, і ініцыявала ўвесці забарону на такога роду платныя паслугі рознічных сетак.
Нядаўна КДБ затрымаў дырэктараў усіх чатырох цукровых заводаў — Гарадзейскага цукровага камбіната, Жабінкаўскага цукровага завода, Слуцкага цукровага камбіната і Скідзельскага цукровага завода, а таксама дырэктара Беларускай цукровай кампаніі. Кіраўнікоў прадпрыемстваў падазраюць у атрыманні хабараў.