Беларусь скараціла імпарт нафты
У студзені-чэрвені Беларусь імпартавала з Расеі на 554,5 тыс. тон менш нафты ў параўнанні з першай паловай мінулага года, сведчаць афіцыйныя статдадзеныя.
Усяго Беларусь імпартавала ў першым паўгоддзі 8,53 млн тон нафты на 3,2 млрд долараў. У грашовым выражэнні імпарт нафты зменшыўся на 6%, або на 204,6 млн долараў, у фізічным — на 6,1%, або на 554,5 млн тон.
Расея ў першым паўгоддзі выступала адзіным пастаўшчыком нафты ў Беларусь.
Увесну гэтага года намеснік генеральнага дырэктара Беларускай нафтавай кампаніі Сяргей Грыб, адказваючы на пытанні БелаПАН, адзначаў, што Беларусь сёлета разлічвае пачаць закупляць нерасійскую нафту. „На сусветным рынку 18 гатункаў нафты, якія могуць перапрацоўваць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы”, — адзначыў Грыб. Пры гэтым ён удакладніў, што мэтазгоднасць паставак альтэрнатыўнай (нерасейскай) нафты будзе залежыць ад цаны сыравіны, лагістыкі і ў канчатковым выніку – ад эфектыўнасці нафтаперапрацоўкі.
Нагадаем, у красавіку Беларусь, якая пакуль закупляе толькі расейскую нафту, сутыкнулася з рэзкім пагаршэннем якасці імпартаванай вуглевадароднай сыравіны. Пасля гэтага беларускі бок вымушаны быў прыпыніць імпарт расейскай нафты і скараціць экспарт нафтапрадуктаў.
Віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка ў канцы чэрвеня паведаміў журналістам, што з-за прысутнасці бруднай нафты ў трубаправодзе „Дружба” Расея ў красавіку-чэрвені недапаставіла ў Беларусь 630 тыс. тон якаснай нафты. Паводле яго слоў, каля 200 тыс. тон якаснай нафты было недапастаўлена на Мазырскі НПЗ і каля 430 тыс. тон на „Нафтан”.
Пры гэтым Ляшэнка заявіў, што, калі не атрымаецца дамовіцца з Расеяй аб кампенсацыі шкоды ў сувязі з трапляннем у трубаправод няякаснай нафты, пытанне будзе вырашацца праз суд. „Што тычыцца ўпушчанай выгады, тут, мабыць, відавочна, што гэта пытанне ў выпадку недасягнення дамоўленасцяў будзе вырашацца з сумежным расейскім бокам праз суд”, — растлумачыў ён.
Ацэнкай беларускай шкоды ад трапляння ў трубаправод няякаснай нафты цяпер займаецца рабочая група, створаная Беларуссю і Расеяй. Беларускія ўлады разлічваюць да канца года атрымаць кампенсацыю асноўных страт, якія адбыліся з прычыны імпарту ў краіну забруджанай нафты.